У Беларусі закрываюць частку крамаў «Алмі»
Адна з гандлёвых сетак у Беларусі трансфармуе свой бізнэс, бо «расійскі ўласнік мяняе стратэгію». Пра гэта расказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў падчас Рэспубліканскага клубу дырэктараў. Як пазней высветлілася, гаворка ідзе пра крамы «Алмі», піша Office Life.
22.01.2024 / 16:29
Фота ілюстрацыйнае
Аляксей Багданаў удакладняў, што ўласнік сеткі закрыў арганізацыі ў Расіі і трансфармуе свой бізнэс у Беларусі: «Частку пакідае, частку пераводзіць у дэвелаперскую схему».
Пазней міністр патлумачыў, што ў ведамстве праводзілі нараду з удзелам галоўнага акцыянера «Алмі»:
«Ён расказаў, што частку крамаў мае намер захаваць. Банкі прызналі іх стабільнае становішча. Там, дзе ў іх сітуацыя горшая, гандлёвае звяно недацягвае, гэтыя плошчы будуць здаваць у арэнду».
Пры гэтым Аляксей Багданаў удакладніў, што да гэтых аб'ектаў ужо праявілі цікавасць сеткі «Еўраопт», «Дыяніс» і «Суседзі». Вядуцца перамовы і з іншымі рэтэйлерамі.
Сетку «Алмі» пачаў разбудоўваць у Беларусі ў 2005 годзе ўраджэнец Пінска Аляксандр Зарыбка. Цяпер яна аб'ядноўвае 40 аб'ектаў.
Раней Аляксей Багданаў падкрэсліваў, што больш за ўсіх дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў закранула гандлёвыя арганізацыі, у якіх прыкметна знізілася рэнтабельнасць. Пры гэтым ён зрабіў акцэнт на тым, што трансфармацыя бізнэсу, у тым ліку «Віталюра», не звязаная з пастановай 713.
Чытайце таксама:
«Ну, і што?» Міністра гандлю загналі ў тупік «неканструктыўным» пытаннем пра дзяржрэгуляванне цэн
Праясніўся далейшы лёс крамаў «Буслік»