У Мінску адкрыюць выставу да 100-годдзя Васіля Быкава
У Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 25 студзеня адкрыецца выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. Адметнасць часовай экспазіцыі «Жыццё праз абрысы і лініі» ў тым, што яна мае не толькі дакументальна-літаратурны складнік, але таксама пакажа Васіля Быкава як мастака, піша Bellit.info.
22.01.2024 / 21:23
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, будучы пісьменнік паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць навучанне.
Пасля вайны і дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Мінск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкую вучэльню. Але ў выніку трапіў у Гродна, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях, расказваюць арганізатары выставы.
У кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў пісаў: «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».
На выставе будзе прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава. Краявіды, хаткі, падворкі з часоў дзяцінства, успаміны аб вайне, выпадкі з жыцця, самаіранічныя замалёўкі, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах — вось тое, што замалёўваў пісьменнік.
Адкрыццё 25 студзеня ў 17:00
Працягнецца да 5 траўня
Адрас: г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13
У верасні-кастрычніку аналагічная выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» праходзіла ў Віцебску — горадзе, які цесна звязаны з імем пісьменніка.
Чытайце таксама:
Каго з беларускіх пісьменнікаў найбольш выдавалі за савецкім часам? Не ўсіх вы ведаеце