Атакуюць акаўнты беларускіх ініцыятыў і палітыкаў

У інстаграме іх масава закідваюць скаргамі ботаў.

23.01.2024 / 01:20

Масавыя скаргі сыплюцца на профіль Святланы Ціханоўскай у інстаграме.

«Рэжым палічыў, што, задушыўшы свабоду слова ў Беларусі, ён зможа і ў сеціве «забаніць» галасы людзей, якія з ім не згодныя. Што ж, давайце паставім яму «лайк» за такую ідэю пад кожным пастом у маім акаўнце і акаўнце тых, каго цяпер атакуюць», — напісала Ціханоўская.

Пад атаку трапіў таксама праект дапамогі палітзняволеным жанчынам «Палітвязынка».

«Давялося зрабіць старонку на час закрытай. Мы атрымалі 198 скаргаў, і гэта згубна для нашай старонкі. Таму, калі ласка, падпісвайцеся на нас, распавядайце сябрам пра нас. Мы вельмі стараемся», — паведаміла стваральніца праекта Яўгенія Доўгая.

Падобная сітуацыя і з акаўнтам ініцыятывы «Моладзевы блок».

Раней пра атаку сайта паведаміў фонд «Байсол».

«Сёння зранку мы перажылі самую моцную і прафесійную кібератаку. Спецыфіка атакі была ў тым, што яна праводзілася на высокім тэхнічным узроўні і новымі метадамі, з якімі мы раней не сутыкаліся. Але атака была паспяхова адбітая.

Доступ да сайта можа быць часткова абцяжараны і недаступны з некаторых рэгіёнаў, але гэта выключна для вашай бяспекі. Сайт, плацежная сістэма і сістэма захоўвання персанальных даных пад аховай і знаходзяцца ў працоўным стане», — паведаміў сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак.

Nashaniva.com