Пугач расказаў, як граў канцэрт на Плошчы Пераменаў, а людзі стрымлівалі ГУБАЗіК
Лідар гурта J:МОРС распавёў «Белсату», як выступаў на Плошчы Перамен, ратаваўся ад пераследу, а таксама згадаў прапановы супрацы з уладамі.
23.01.2024 / 14:27
Уладзімір Пугач. Скрын відэа: belsat_news / YouTube
Уладзімір Пугач згадвае, як у 2020-м выступаў на Плошчы Перамен, якая была галоўнай пляцоўкай грамадзянскага пратэсту:
«Калі я прыехаў да іх, у двары нас чакаў ГУБАЗіК. Што прыдумалі людзі. Яны прывялі мяне непасрэдна ў будынак і паставілі на агульны балкон. Я стаяў на балконе, граў канцэрт для іх. Яны ў двары слухалі. Людзі заблакавалі дзверы, каб ГУБАЗіК не трапіў у будынак і мяне не арыштаваў. Пакуль я граў канцэрт, яны неяк стрымлівалі дзверы знутры. ГУБАЗіК не мог патрапіць унутр. У нейкі момант у іх атрымалася гэта зрабіць. Яны трапілі ўнутр і сталі шукаць мяне па балконах».
Спявак распавёў, што ён гэтага не бачыў, але потым на здымках было добра відаць, як па балконе, што знаходзіцца зверху, бегаюць людзі ў балаклавах, глядзяць уніз і спрабуюць вырашыць, як схапіць мужчыну.
«Людзі трымалі дзверы на паверх, на якім я быў. Я скончыў, схаваўся ў адну з кватэр. Мы там сядзелі прыкладна гадзіны дзве, чакалі пакуль яны вакол дому на сваіх бусіках стаялі. Вельмі добра працавала разведка. Усюды былі людзі. Яны паведамілі, калі ГУБАЗіК з'ехаў. Потым мяне пераапранулі ў іншую вопратку, спусцілі ў падземны гараж, пасадзілі ў нейкую машыну, вывезлі з двара. Потым мы ўзялі таксі і зʼехалі».
Пра прапановы супрацы з уладамі
Уладзімір Пугач распавёў, што яму не раз прапаноўвалі выступіць на канцэртах у падтрымку ўладаў. За адмову выступіць на канцэртах у падтрымку Лукашэнкі ў часе выбарчай кампаніі 2006 года гурт прыкладна на паўгода знялі з усіх эфіраў. Забароны былі ў 2010 і 2020 гадах.
«Мне цяпер лёгка і спакойна, што я ніколі не выступаў на навагодніх імпрэзах Лукашэнкі, якія рабіліся традыцыйна адразу пасля Новага года. Увесь час званілі і прасілі прыехаць выступіць. Я ніколі не ездзіў. Я прасіў дырэктара сказаць, што мы зʼехалі, што ў адпачынку. Гэта не тое што кожны раз я ім сярэдні палец паказваў. Я проста пазбягаў гэтага, каб мець магчымасць працаваць далей».
Пра ўдзел у Каардынацыйнай радзе і выезд з Беларусі
Уладзімір Пугач распавёў, што ў 2020 годзе ўвайшоў у Каардынацыйную раду. І ў пэўны час яго, як і іншых сябраў рады, сталі запрашаць на допыты.
«Калі стала зразумела, што завялі крымінальную справу супраць нас усіх, я падумаў, што лепей зʼеду. Паехаў у Кіеў і месяц там жыў у студзені [2021 года] …. Гэта быў час, калі ва Украіне быў лакдаўн, нічога не працавала. Потым з крымінальнай справай нешта стала. Яны не сталі яе працягваць. Я змог вярнуцца ў Беларусь».
Як згадвае Пугач, адчування таго, што за ім прыйдуць, у 2021 годзе яшчэ не было.
«Мне падавалася, што вось гэтыя падзеі скончыліся… Але калі з цягам часу стала зразумела, што ўлады працягваюць гвалт, мой вельмі добры сябра, які вымушаны быў зʼехаць яшчэ ў 2020 годзе ў жніўні, аформіў мне запрашэнне. Я зрабіў візу і ў 2022 годзе зʼехаў. Прыкладна праз месяц-два пачаліся адрасныя рэпрэсіі супраць артыстаў. Мне вельмі пашанцавала. Калі б я застаўся яшчэ прыкладна на два-тры месяцы, я б, можа, ужо быў за кратамі».
Чытайце яшчэ:
«Уявіў, што мне было б цікава паслухаць». Саліст J:Морс заняўся аўдыякнігамі
«Калі мы казалі «было б ідэальна працаваць у Еўрасаюзе», то мелі на ўвазе зусім не гэта». Вялікая гутарка з лідарам J:Морс Уладзімірам Пугачам
J:МОРС выпусцілі кліп на песню «Бывай»: ён пра адчуванні пасля жніўня-2020 ВІДЭА