Польскі футбольны клуб адмовіўся ад збораў у Турцыі, каб не падстаўляць беларусаў
Польскі клуб «Заглембе» з другога дывізіёна, галоўным трэнерам якога нядаўна стаў беларус Аляксандр Хацкевіч, адмовіўся ад раней запланаваных збораў у Турцыі «з палітычных прычын». Кіраўніцтва клуба палічыла, што паездка ў Турцыю можа быць небяспечнай для беларусаў і там яны могуць быць затрыманыя, паведамляе Most на падставе паведамленняў польскай прэсы.
23.01.2024 / 20:05
Акрамя Аляксандра Хацкевіча, у склад «Заглембе» з горада Сасновец у якасці спартыўнага дырэктара ўваходзіць іншы беларус — Міхаіл Залеўскі.
Старшыня праўлення «Заглембе» Аркадыюш Аляксандэр адзначыў, што кіраўніцтва асцерагаецца затрымання трэнерскага штаба на месцы правядзення збораў, і ў гэтым пытанні былі кансультацыі з польскай амбасадай.
Яшчэ адной прычынай, з якой клуб адмовіўся ад паездкі ў Турцыю, стаў фінансавы складнік. Новы акцыянер клуба Рафал Колінз даў зразумець, што паездка ў Турцыю фінансава абцяжарыць клуб, якому і так даводзіцца сачыць за кожнай капейкай, інвестуючы ў першую чаргу ў сваіх гульцоў.
Аляксандр Хацкевіч раней неаднаразова выказваўся супраць агрэсіі Расіі ва Украіне і гвалту ў Беларусі ў 2020 годзе.
Чытайце таксама:
Аляксандр Хацкевіч знайшоў новае месца працы
Хацкевіч пра смерць Бялькевіча: «Ён зваліўся ў яму, і я не здолеў яго выцягнуць: дэпрэсія, алкаголь»