Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Літвы праблемы беларусаў у гэтай краіне

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс прыняў у сябе беларускую дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую. Паводле паведамлення прэс-службы Ціханоўскай, палітыкі абмеркавалі сітуацыю з легалізацыяй беларусаў у Літве, а таксама магчымыя новыя абмежаванні, якія маюць абмяркоўвацца ў літоўскім Сейме ўвесну.

23.01.2024 / 20:37

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Падчас сустрэчы Ціханоўская сказала, што разумее занепакоенасць Літвы ў пытаннях бяспекі і ў сувязі з патэнцыйнымі пагрозамі з боку рэжыму, але выказала спадзяванне, што Літва ўсё ж працягне выдаваць беларусам візы і дазволы на жыхарства. Таксама яна падкрэсліла, што нельга ўраўноваць абмежаванні супраць беларусаў і расіян, бо гэта толькі ідзе на карысць рэжыму Лукашэнкі.

Перад гэтым Літва прыняла рашэнне працягнуць тэрмін дзеяння літоўскіх гуманітарных дазволаў на жыхарства для беларусаў з аднаго да трох гадоў. Ціханоўская пры нагодзе падзякавала міністру за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве. 

Чытайце таксама:

На віленскіх могілках Росы ўшанавалі Каліноўскага і паўстанцаў. Паднялі і беларускі сцяг ФОТЫ

Чаму Ціханоўская не сустрэлася з Зяленскім у Давосе?

Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны

Nashaniva.com