Прэзідэнт Літвы: Расія хоча кінуць выклік усяму NATO

«І мы павінны быць гатовыя да гэтага моманту», — кажа Гітанас Наўседа.

24.01.2024 / 09:21

Фота: «Наша Ніва»

Кіраўнік Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што яшчэ два гады ўвага Расіі мае быць засяроджаная на вайне ва Украіне. Аднак, як заявіў прэзідэнт тэлеканалу LRT, крамлёўскі рэжым хоча кінуць выклік усяму NATO, піша Delfi.lt.

«Я не мог бы сказаць гэта толькі пра краіны Балтыі. Я б сказаў, што Расія хоча кінуць выклік усяму NATO. І мы павінны быць гатовыя да гэтага моманту», — сказаў у аўторак тэлеканалу LRT Наўседа. «Як толькі Расія, калі ёй удасца гэтага дамагчыся, пераломіць ход вайны ва Украіне, яны, па-за ўсякім сумневам, пачнуць рэалізоўваць свае сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя планы, якія вельмі амбіцыйныя, а менавіта, ( … ) падкрэсліваю, рэальна здзяйсняльныя», — дадаў ён.

Прэзідэнт Літвы, ацэньваючы меркаванне міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса пра пагрозы Літве, падкрэсліў, што гэта хутчэй гіпатэтычныя сцэнары.

Аднак, паводле яго слоў, вялікай розніцы паміж гэтай інфармацыяй і рэальнай інфармацыяй, якая даецца адказнымі службамі дзяржавы, няма.

«Службы канстатуюць, што магчымасці Расіі цяпер выведзеныя ва Украіну, бо ім патрэбныя ўсе гэтыя магчымасці, каб яны маглі паспяхова, як яны мяркуюць, ваяваць з Украінай, і ў выніку мы нават назіраем вывад некаторых баявых сіл з прылеглых да нас рэгіёнаў», — заявіў Наўседа, падкрэсліўшы, што такая інфармацыя, якая даецца службамі, не павінна ўводзіць грамадскасць у зман.

Чытайце таксама:

«Мы адчуваем набліжэнне вайны» — міністр замежных спраў Літвы

NATO пачынае самыя буйныя вучэнні з часоў халоднай вайны

У Мінабароны Літвы пракаментавалі інфармацыю Bild аб будучай вайне Расіі і НАТА

Nashaniva.com