У Гродне пабудуюць новы мікрараён — высоткі могуць сапсаваць від на Каложскую царкву

Хутка ў Гродне пачнуць узводзіць новы мікрараён «Залаты» на 6 тысяч жыхароў, з будынкамі вышынёй да 19 паверхаў. Ён будзе знаходзіцца непадалёк ад гістарычнага цэнтра і Каложскай царквы. 

31.01.2024 / 10:34

Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з сэрвісу «Яндэкс панарамы»

Новы мікрараён з'явіцца паміж праспектам Будаўнікоў, вуліцамі Вясенняй і Каліноўскага. Раней яго называлі «Вясенні», але летам 2023 года перайменавалі ў «Залаты». Забудова будзе рознаўзроўневай — ад 4 да 19 паверхаў. 

Гродзенскі гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон лічыць, што новы мікрараён сапсуе панараму гістарычнага цэнтра Гродна, у тым ліку від на Каложскую царкву.

«Я больш чым перакананы, што ўзвядзенне новага квартала на фоне храма 12 стагоддзя — аднаго з галоўных кандыдатаў на трапленне ў спіс ЮНЕСКА ад Беларусі — можа негатыўна паўплываць на станоўчае рашэнне камісіі.

Па апублікаваных рэндарах складана дакладна ацаніць, наколькі моцна будзе сапсаваная панарама, але відавочна, што 15– і 19-павярховыя дамы ў пару кіламетрах ад Каложы будуць вельмі моцна выбівацца», — лічыць краязнаўца.

Калі глядзець на Каложу са старога моста, то нават цяпер можна заўважыць, як на фоне храма бачны дах 15-павярховага дома на рагу вуліц Каліноўскага-Вясенняй.

Фота: скрыншот з сэрвісу «Яндэкс панарамы»

Адзін з трох 19-павярховых дамоў, якія плануюць пабудаваць, будзе стаяць непадалёк. Астатнія два дамы — яшчэ бліжэй да храма. 

Краязнаўца не разумее, навошта 370-тысячнаму гораду дамы вышынёй у 19 паверхаў.

«Ці варта гораду расці ў вышыню, калі зямля ў абласным цэнтры не каштуе столькі, каб была патрэба ахвяраваць камфортам дзеля таго, каб размясціць больш кватэр?» — задаецца пытаннем Супрон.

Ён звяртае ўвагу, што ў параўнанні з рэндарамі, якія былі апублікаваныя ў 2021 годзе, колькасць кватэр і вышыня дамоў павялічыліся. У «Залатым» з’явіцца 2475 кватэр супраць 2284. 

Візуалізацыя мікрараёна «Залаты». Крыніца фота: grodno.in

«Спачатку самымі высокімі мусілі быць 15-павярховыя дамы, што таксама не мала. Але ў выніку вырашылі пабудаваць тры 19-павярховыя «слупы» ўнутры мікрараёна, а 8-павярховы дом каля будучага кальца на выездзе да Новага моста замянілі 15-павярховым».

Падобная забудова не адпавядае сучасным еўрапейскім стандартам горадабудаўніцтва, гэта хутчэй азіяцкі стыль, кажа краязнаўца.

«У Польшчы і Літве ніхто цяпер не робіць такія спальныя раёны. У Еўропе будуюць 4-5-6-павярховыя жылыя дамы, ствараюць камфортнае асяроддзе, каб не перагружаць архітэктуру квартала. У суседзяў падобны квартал будзе разлічаны не на 6 тысяч, а на 2-3 тысячы жыхароў.

Шматпавярховік у Гродне. Ілюстрацыйны здымак

Таксама ў выпадку з «Залатым» застаецца пытанне, дзе жыхары будуць пакідаць машыны. Пад’езду да гэтых 19-павярховікаў няма, аўтамабілі трэба будзе пакідаць недзе ўздоўж квартала. Гэта нонсэнс, бо такія дамы мусяць мець пад сабой падземны паркінг на некалькі паверхаў уніз», — разважае Супрон.

Будаўніцтва падземных паркінгаў прадугледжвалася ў першапачатковым плане, але ў выніку вырашылі зрабіць паркоўкі вакол раёна.

Nashaniva.com