«Адвакат сказаў: усе, хто здымалі, ужо сядзяць». Жанчына, якая зняла расійскую вайсковую тэхніку, пасля затрымання экстрана з'ехала з Беларусі 

Юлія Чурыловіч разам з маленькім сынам, маці і цяжкахворай бабуляй жыла ў доме, які знаходзіўся на трасе Пінск-Столін. Калі ў лютым 2022 года расійскія войскі пачалі заходзіць ва Украіну з Беларусі, яна ўсё гэта бачыла. Каб хоць нечым дапамагчы, маладая жанчына зняла відэа з расійскай тэхнікай і даслала яго ў незалежныя СМІ. А праз паўтара года ў яе дзверы пагрукалі міліцыянты…

27.01.2024 / 12:08

Фота з асабістага архіва гераіні

— У іх былі скрыншоты майго тыктока, — нават знаходзячыся ў бяспецы разам з сынам, Юліі вельмі цяжка згадваць гэтую гісторыю.

Для сям'і цяпер адкрыты збор сродкаў на «Байсол».

Жанчына вяла тыкток, у якім выкладала ролікі ў падтрымку беларускай мовы, культуры і гісторыі. Таксама ў сацсетках падтрымлівала ўкраінцаў, пісала словы падтрымкі беларускім добраахвотнікам і ўсім беларусам за мяжой.

Міліцыянты пачалі вывучаць тэлефон Юліі — асабліва іх цікавіў тэлеграм. Да гэтага яе смартфон шмат часу быў у рамонце, а пасля жанчына забылася праверыць, ці не захавалася там якой «крамолы».

— Яны знайшлі выдалены чат-бот. Сама перапіска не захавалася, але засталося відэа з расійскай тэхнікай, якое я дасылала. Сталі цікавіцца, каму я дасылала відэа. А я сапраўды тады не магла згадаць, каму канкрэтна даслала.

Пасля гэтай знаходкі Юліі сказалі, што прыйдзецца ехаць у мясцовы ГУБАЗіК.

— Мая хворая на Паркінсона бабуля, якая нават не ўстае цяпер, стала крычаць: «Што вы робіце?!» У маёй мамы пачалася істэрыка, яна плакала і казала: «Ты ўжо не вернешся?» Я, як магла, супакоіла яе.

Фота з асабістага архіва гераіні

Жанчына кажа, што аддзяленне ГУБАЗіКа аказалася зачыненым, міліцыянты пачалі тэрмінова тэлефанаваць камусьці, каб зразумець, дзе ўзяць ключы. А потым разам з Юліяй паехалі іх у кагосьці забіраць.

— Там зноў пачалі вывучаць змесціва майго смартфона. Каля трох гадзін ім спатрэбілася, каб нават усе мае каментарыі пачытаць — у тыктоку, у тэлеграме. Высветлілі, што бот, у які я дасылала відэа з расійскімі танкамі, — гэта бот «Радыё Свабода».

Знайшлі і відэа з 2020 года. У той час Юлія жыла ў Мінску і, як шмат іншых неабыякавых беларусаў, прымала ўдзел у розных мерапрыемствах.

— Я жыла ў кватэры на высокім паверсе, адкуль добра было бачна, як прыязджаюць звычайныя гарадскія жоўтыя аўтобусы, а адтуль быццам прусакі выскокваюць сілавікі — іх шмат, яны ўсе ў чорным…. Я здымала відэа, пісала ў чатах, дзе і прыкладна колькі амапаўцаў. Бегала адчыняла пад’езд, каб людзі маглі схавацца, пісала, дзе людзі могуць ратавацца. Усё гэта сілавікі знайшлі ў маім тэлефоне.

Пабачылі яны і тое, што Юлія пісала рэзкія каментарыі пра паводзіны міліцыянтаў.

— Кажуць: «Дык а чаму вы пісалі, што мянты — тварыны?» Я адказала, што пісала з-за таго, што бачыла жудасны гвалт. «Ну а цяпер мы хіба вас б’ем?» Адказала, што бачыла, як сілавікі збівалі жанчын. Яны пачалі мяне пераконваць, быццам бы тыя жанчыны самі ў іх нешта кідалі.

Прычапіліся нават да фота, дзе маленькі сын Юліі ў цішотцы з дзіцячым варыянтам «Пагоні». Яна паспрабавала растлумачыць, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць. І атрымала адказ: «Так, але ж яе засралі». Дзіўна, але жанчына змагла іх пераканаць.

Тая самая цішотка. Фота з асабістага архіва гераіні

У той раз Юлію адпусцілі, забраўшы тэлефон. «Скажыце дзякуй, што мы вас не закрылі», — кінулі на развітанне.

— І вось я стаю ўзімку на вуліцы ў хатнім адзенні — толькі ж куртку паспела накінуць. Ні грошай, ні тэлефона. Неяк дабралася да знаёмых і папрасіла выклікаць таксі да хаты.

З таго моманту жанчына страціла спакой. Яна кажа, што не магла спаць, а калі яе сабака пачынаў брахаць, у Юліі пачыналася паніка. Наступны раз сілавікі прыйшлі да жанчыны на Шчадрэц. Калі ў першы раз міліцыянты былі з Брэста, то другі ўжо мясцовыя, пінскія. Яны сказалі, што трэба ехаць да пракурора «пагаварыць».

— Я патэлефанавала маме. Плачу, кажу: «Яны мяне не адпусцяць». Страшна было праз тое, што я нават з сынам не магла развітацца, — згадваючы гэта, Юлія пачынае плакаць.

Перад тым, як адправіць жанчыну ў камеру, у яе спыталі, ці ўсё ў яе добра са здароўем. Юлія адказала, што яна на бальнічным з атытам, учора яшчэ была тэмпература. Але пачула толькі: «Ну вось у мяне таксама бывае сэрца баліць ды ціск скача».

У камеры не было амаль нічога: толькі шконка з драўляных дошак без якога-небудзь матраца і два вядры: адно з вадой, другое замест унітаза. Фортачку было немагчыма зачыніць: любы парыў студзеньскага ветру адчыняў яе. Прыходзілася хадзіць туды-сюды, каб неяк сагрэцца.

— Я ўвесь дзень чакала, калі наступіць ноч, каб заснуць і не бачыць усяго гэтага. Але і ноччу міліцыянты будзілі. Маладыя хлопцы — ім падавалася гэта смешным — прымушалі расказваць афіцыйны гімн Беларусі. Яны насміхаліся.

Маці перадавала Юліі вопратку, неабходныя лекі — але нічога з гэтага яна не атрымала. Праз тры дні яе выпусцілі. Сказалі паспець да следчага да дзвюх гадзін — а да гэтага часу заставалася каля трыццаці хвілін. Дзякуй мінаку, які дазволіў скарыстацца сваім тэлефонам.

У следчага ў жанчыны ўзялі падпіску аб нявыездзе. Быў там і адвакат.

— Я сказала, што ўсе здымалі відэа з вайсковай тэхнікай. Усюды ж былі танкі, лёталі самалёты… На што адвакат мне сказаў: «Дык усе, хто здымалі, ужо сядзяць». У той момант я зразумела, што ніякі адвакат мне дапамагаць не будзе.

Праз пару дзён Юліі трэба было зноў прыйсці да следчага. Яна кажа, што ішла і думала, што галоўнае — любым спосабам захаваць пашпарт. А сілавік сапраўды амаль з парога пачаў патрабаваць аддаць дакумент — з матывацыяй «каб вы не збеглі з краіны».

— Я сказала, што хачу зрабіць даверанасць на маму, каб, калі мяне забяруць надоўга, яна магла афіцыйна клапаціцца пра майго сына. Следчы пагадзіўся, але запатрабаваў адразу пасля натарыуса прынесці пашпарт яму. Я патэлефанавала адвакату з пытаннем, ці законнае гэта патрабаванне — я ж ужо дала падпіску аб нявыездзе.

Той адказаў: «Не, ён не мае на гэта права і не павінен гэта рабіць». Але ж следчы кажа, што, калі не аддасце самі, то дома зладзяць ператрус, усё перавернуць, знойдуць пашпарт і ўсё роўна забяруць.

Пасля гэтага Юлія звярнулася па дапамогу ў «Байсол» і яе хутка эвакуявалі разам з сынам, якому яшчэ няма і трох гадоў. Рэчаў прасілі ўзяць мінімальную колькасць, таму Юлія ўзяла адзенне для сына і амаль нічога для сябе.

Фота з асабістага архіва гераіні

— Выгналі з хаты, выгналі з краіны. За што? За тое, што я хацела хоць неяк дапамагчы людзям? Вельмі балюча, калі думаю пра тое, што ніколі ўжо не пабачу сваю бабулю…

Усе зберажэнні мамы — гэта 700 даляраў. Таму ёй вельмі патрэбна фінансавая дапамога на першы час.

— Раней я вельмі любіла працаваць з дзецьмі, я была важатай у галоўным беларускім дзіцячым лагеры — «Зубраня». У мяне шмат лістоў з падзякамі ад бацькоў. Але ж адміністрацыі не падабалася, што я ў сваіх сацсетках шчыра распавядала пра недахопы лагера. Бацькі плацяць па паўтары тысячы рублёў за пуцёўку дзіцяці, а ў сталоўцы прусакі па апельсінах бегаюць. А колькі нецікавых мерапрыемстваў там робяць! Дзеці незадаволеныя, а ім кажуць: «Усміхніцеся, мы зробім пару фота, і рабіце што хочаце далей». Потым я хацела працаваць у Мінску ў беларускамоўнай школе, але мяне туды не ўзялі з-за ідэалагічна няправільнай характарыстыкі з «Зубраня». Таму прыйшлося з’ехаць у Пінск і працаваць барыстай у кавярні за 600 рублёў. Па капейках адкладала на тыя 700 даляраў…

Паўдзельнічаць у зборы сродкаў для Юліі і яе сына можна па спасылцы.

Чытайце таксама:

«Калі трапіў на Акрэсціна ў 2022 годзе, падумаў: блін, як жа добра было ў 2020!»

«А калі табе ў**аць па галаве?» Дзяўчына прыехала ў Беларусь замяніць пашпарт — і апынулася за кратамі. Вось яе гісторыя

«Цапкала — гэта трагедыя. А адлігі не чакайце». Стрыжак — пра палітыкаў і логіку рэпрэсій, свой заробак, памылкі і гонар

Nashaniva.com