Юрген Клоп пакіне «Ліверпуль» па сканчэнні сезона
«Рэч у тым, што ў мяне, як бы гэта сказаць, сканчаюцца сілы», — сказаў трэнер.
26.01.2024 / 19:05
Юрген Клоп. Фота: Jon Super / AP
Галоўны трэнер футбольнага клуба «Ліверпуль» Юрген Клоп вырашыў пакінуць клуб па заканчэнні сезона. Ён прапрацаваў у «Ліверпулі» восем сезонаў і лічыцца адным з самых паспяховых трэнераў каманды за ўсю яе гісторыю, паведамляе Бі-бі-сі.
Памочнікі трэнера Пепейн Лейндэрс і Пітэр Кравіц таксама пакідаюць клуб.
Па словах Юргена Клопа, ён яшчэ ў лістападзе мінулага года паведаміў кіраўніцтву клуба пра свой намер сысці.
«Рэч у тым, што ў мяне, як бы гэта сказаць, сканчаюцца сілы, — заявіў 56-гадовы Клоп на сайце «Ліверпуля». — Я магу зразумець, што ў гэты момант для многіх людзей гэта шок, калі вы гэта ўпершыню чуеце, але я магу гэта растлумачыць — ці, прынамсі, паспрабаваць растлумачыць».
«Мне падабаецца абсалютна ўсё ў гэтым клубе, мне падабаецца ўсё ў горадзе, мне падабаецца ўсё ў нашых заўзятарах, мне падабаецца каманда, мне падабаецца персанал… Мне ўсё падабаецца. Але тое, што я ўсё ж такі прымаю гэтае рашэнне, азначае, што я перакананы: мне давядзецца яго прыняць», — сказаў Юрген Клоп.
Паводле яго слоў, Клоп даўно ўжо зразумеў, што рана ці позна яму прыйдзецца прыняць такое рашэнне, і таму гэты крок не стаў для яго вялікай праблемай. «Я ведаю, што не магу выконваць гэтую працу зноў і зноў, зноў і зноў», — прызнаўся ён.
«Гэта не тое, чаго я хачу, але гэта правільна на 100%»
«Я сказаў клубу яшчэ ў лістападзе… магчыма, з боку людзі так бачаць маю працу: я каля поля, на трэніроўках і таго падобнае, але большая яе частка праходзіць вакол гэтага. Гэта значыць, што сезон пачынаецца, і вы ўжо ў значнай ступені плануеце наступны сезон», — распавёў Юрген Клоп.
«Калі мы сядзелі там разам і казалі аб патэнцыйных кантрактах, наступным летніку і пра тое, ці можам мы куды-небудзь паехаць, у мяне ўзнікла думка: «Я не ўпэўнены, што я тут яшчэ буду». Я сам гэтаму здзівіўся, але, відавочна, я пачаў пра гэта думаць».
Сезон 2022-23 года для «Ліверпуля» быў няўдалым, клуб з цяжкасцю завяршыў чэмпіянат на пятым месцы і не трапіў у чарговы розыгрыш Лігі чэмпіёнаў.
«Мінулы сезон быў у нейкім сэнсе суперскладаным, і былі моманты, калі ў іншых клубах, верагодна, рашэнне было б такім: «Ну, добра, вялікі дзякуй за ўсё, але, напэўна, мы павінны на гэтым расстацца». Ясна, што гэтага тады не адбылося».
«Для мяне было вельмі, вельмі, вельмі важна, што я змагу дапамагчы вярнуць гэтую каманду на яе пазіцыі. Гэта было ўсё, пра што я думаў. Калі я (у гэтым сезоне) даволі рана зразумеў, што гэта адбылося, што гэта сапраўды добрая каманда з велізарным патэнцыялам і ў выдатным узросце, з суперхарактарамі і ўсё такое, я змог зноў падумаць пра сябе, і вось вынік. Гэта не тое, чаго я хачу, гэта проста тое, што я лічу правільным на 100 адсоткаў».
Юрген Клоп прыйшоў у «Ліверпуль» пасля паспяховых сезонаў у дортмундскай «Барусіі» ў кастрычніку 2015 года, пад яго кіраўніцтвам «Ліверпуль» выйграў Лігу чэмпіёнаў у 2019-м, у 2020 годзе Прэм'ер-лігу ўпершыню з 1990 года, клубны чэмпіянат свету, Кубак Англіі, Кубак Лігі і Суперкубак.
Клоп прывёз у Ліверпуль хуткасны, атакуючы стыль, які фанаты празвалі «хэві-метал» з-за інтэнсіўнага прэсінгу.
Зараз «Ліверпуль» лідзіруе ў англійскай Прэм'ер-лізе і мае шанцы зноў яе выйграць, хоць сёлета разгарнулася напружаная барацьба за першынство паміж «Ліверпулем», «Манчэстэр Сіці» і лонданскім «Арсеналам».
«Ліверпуль» таксама выйшаў у фінал англійскага Кубка Лігі і працягвае выступаць у Лізе Еўропы і Кубку Англіі.
Чытайце таксама:
Клоп запрасіў смяротна хворага Эрыксана на адзін дзень узначаліць «Ліверпуль»
Польскі футбольны клуб адмовіўся ад збораў у Турцыі, каб не падстаўляць беларусаў
Футбольная зборная згуляе таварыскі матч з адной з найгоршых каманд Еўропы
Агіднейшы за Гітлера. Апублікаваны рэйтынг самых нялюбых персон у гісторыі футбола
Беларускі футбаліст перайшоў у трэці клуб чэмпіянату Ізраіля