У цэнтры Мінска прапануецца вельмі дзіўная кватэра. Там адзін унітаз проста на кухні, другі — у шафе

І наогул там усё вельмі дзіўнае.

27.01.2024 / 09:26

На дошцы аб'яў аб здачы нерухомасці ў Мінску ёсць унікальная прапанова. Здаецца аднапакаёвая кватэра з дзвюма прыбіральнямі. Прычым адзін унітаз знаходзіцца проста на кухні, побач з плітой, а другі — у шафе, піша Blizko.by.

Кватэра размешчана недалёка ад плошчы Перамогі па адрасе вуліца Платонава, 3. Такі адрас указаны тэкстам, і гэты ж дом пазначаны на карце. Аднак дакладна вядома, што гэта не жылы дом, а будынак гаспадарчага альбо вытворчага прызначэння.

Таксама пазначана, што гэта цагляны 5-павярховы дом, але ў тым раёне такіх няма зусім. Найбліжэйшая жылая цагляная пяціпавярхоўка на Платонава — гэта дамы 31 і 33, бліжэйшыя да вуліцы Гікала. Так што адрас у аб'яве няправільны.

Аднапакаёўка на трэцім паверсе агульнай плошчай 33,6 квадратнага метра мае жылую плошчу 18,9 кв. м і кухню плошчай 6 кв. м.

Зрэшты, тут пытанне, што лічыць кухняй: тое памяшканне, дзе стаіць пліта, а побач з ёй — умантаваны ў падлогу ўнітаз, ці тое памяшканне, дзе ракавіна і грыль-печ, а побач — шафа, праз якую адкрываецца доступ да яшчэ адной прыбіральні.

Мяркуючы са здымкаў, абедзве прыбіральні аснашчаны даволі свежай сантэхнікай з сучаснымі падводкамі і, мабыць, абедзве ж выкарыстоўваюцца. Санвузел, як сказана ў аб'яве, раздзельны.

У кватэры вельмі шмат дываноў, і нават балкон абабіты дыванамі, у тым ліку куфар для захоўвання бульбы.

Хоць кватэра знаходзіцца на 3-м паверсе, з боку пакоя на вокнах стаяць краты.

Адзначаецца, што ў кватэры выкананы касметычны рамонт і ёсць Wi-Fi.

Кватэру ахвотна здадуць студэнтам, сямейным парам, рабочым, жыхарам з жывёламі за 681 рубель у месяц (або прыкладна 215 даляраў).

Чытайце таксама:

У Мінску ў элітным доме прадаецца кватэра на даху. Як у Карлсана, толькі ў разы большая

Без вады, з печкай і туалетам на вуліцы. Паглядзіце, як жывуць у старых кватэрах Маладзечна

У Мінску прадаюць ідэальную кватэру для фанатаў шахмат 

Nashaniva.com