Галоўнай рэдактаркай «Гродзенскай праўды» стала ідэолаг аблвыканкама

З 23 студзеня галоўную абласную газету рэгіёна ўзначальвае Таццяна Сяргеева. 

27.01.2024 / 10:08

Раней яна займала пасаду кіраўніцы аддзела па сувязях са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, піша БАЖ.

овую галоўную рэдактарку прадставілі калектыву намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка. Кандыдатуру Таццяны Сяргеевай ухваліў глава Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік.

Кіраўніцтва аблвыканкама нацэліла Таццяну Сяргееву на ўстойлівае развіццё выдання, далейшае павышэнне яго іміджу і наладжванне яшчэ больш шчыльнай сувязі з чытачамі.

Галоўны ідэолаг вобласці Ігар Булаўка падкрэсліў, што газета «Гродзенская праўда» — вельмі сур'ёзны інфармацыйны рэсурс і інструмент ідэалагічнай работы.

— Мы бачым, у які няпросты час мы жывем, зараз актыўна вядзецца інфармацыйная вайна. І такому сур'ёзнаму інфармацыйнаму выданню, як «Гродзенская праўда», патрэбен моцны кіраўнік. Таццяна Уладзіміраўна — абсалютны патрыёт сваёй краіны, які ніколі не здрадзіць і павядзе за сабой каманду, — сказаў Ігар Булаўка.

Таццяна Сяргеева скончыла Ваўкавыскі дзяржаўны педагагічны каледж. У 2010 годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства». У 2023 годзе паступіла ў Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія».

З чэрвеня 2020 года і да цяперашняга часу працавала на пасадзе начальніка аддзела па ўзаемадзеянні са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Рэдакцыя дзяржаўнага выдання «Гродзенская праўда» аб'ядноўвае ў сабе газету «Гродзенская праўда», сайт grodnonews.by, газету «Рэкламка. Рэкламны дадатак да газеты «Гродзенская праўда», а таксама раённыя газеты «Свіслацкая газета» (Свіслацкі раён) і «Бераставіцкая газета» (Бераставіцкі раён).

Да красавіка 2023 года на працягу 6 гадоў газету ўзначальвала журналістка Лілія Навіцкая. Пасля сыходу Навіцкай галоўнымі рэдактаркамі па чарзе былі дзве яе намесніцы — Алеся Рабак і Ганна Радзюк.

Nashaniva.com