Удзельнікаў «Бі-2» могуць дэпартаваць у краіну выдачы пашпарта
Пяцёра з сямі музыкантаў з'яўляюцца грамадзянамі Расіі.
27.01.2024 / 13:59
Бі-2. Фота: АГН «Масква»
Музыкаў гурта «Бі-2» у найбліжэйшыя дні этапуюць у цэнтр часовага ўтрымання іміграцыйнага бюро каралеўскай паліцыі Тайланда для дэпартацыі, паведаміў РІА Навіны генконсул Расіі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў са спасылкай на іміграцыйныя ўлады правінцыі.
«Мы атрымалі сёння інфармацыю з упраўлення іміграцыйнай паліцыі правінцыі Пхукет аб тым, што ўдзельнікі групы «Бі-2», сем чалавек, этапаваныя ў цэнтр часовага ўтрымання іміграцыйнага бюро каралеўскай паліцыі Тайланда ў Бангкоку для наступнай дэпартацыі», — заявіў ён.
Паводле мясцовых законаў, дэпартацыя праводзіцца прамым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта. У Беларусь прамыя самалёты з Тайланда не лётаюць.
Як удакладніў дыпламат, пяцёра з сямі музыкантаў з'яўляюцца грамадзянамі Расіі.
***
«Бі-2» затрымалі некалькі дзён таму пасля канцэрта. Паведамлялася, што яны выступалі без адпаведнага дазволу.
Учора стала вядома, што кожнага з удзельнікаў гурта аштрафавалі на 95 даляраў у эквіваленце. Усяго былі затрыманыя сем чалавек.
«Бі-2» быў створаны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі — Шура Бі-2 і Лёва Бі-2. У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў, Макс Лакмус, Барыс Ліфшыц і Ян Ніколенка.
У маі мінулага года Мінюст Расіі ўнёс музыканта Ягора Бортніка (Лёва «Бі-2») у рэестр «інагентаў». У Мінюсце тады заявілі, што Бортнік выступаў супраць расійскага ўварвання ва Украіну, негатыўна выказваўся пра Расію, яе грамадзян і органаў дзяржаўнай улады.
Чытайце таксама:
Удзельнікаў «Бі-2» адправілі ў тайландскі аналаг Акрэсціна
Удзельнікаў «Бі-2» затрымалі пасля канцэрта на востраве Пхукет. Гурт выступаў без дазволу
Лёву Бі-2 прызналі ў Расіі замежным агентам
«Пуцінская Расія выклікае толькі агіду і гідлівасць». Лёва Бі-2 заявіў, што не вернецца ў РФ