У Башкартастане памёр Рыфат Даутаў, якога затрымалі ў сувязі з акцыямі пратэсту
Прычыны смерці пакуль не ясныя, аднак вядома, што ён памёр неўзабаве пасля таго, як яго павезлі, як мяркуецца, супрацоўнікі АМАП.
27.01.2024 / 16:19
Мітынг ва Уфе. Фота: ufa1.ru
У Башкартастане памёр Рыфат Даутаў, якога затрымалі ў сувязі з акцыямі пратэсту супраць прысуду актывісту Фаілю Алсынаву. Пра смерць Даутава пасля затрымання паведаміла ў тэлеграме яго сястра Залія, пра яе таксама піша адвакат Алсынава Ільнур Суюндукаў. Прычыны смерці пакуль не ясныя, аднак вядома, што Даутаў памёр неўзабаве пасля таго, як яго павезлі, як мяркуецца, супрацоўнікі АМАП, паведамляе расійская служба Радыё Свабода.
Пры гэтым Даутаў, як вынікае са слоў яго сястры, не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту — ані ў Баймаку, дзе адбыліся сутыкненні прыхільнікаў Алсынава з паліцыяй, якія ўлады ахарактарызавалі як беспарадкі, ані ва Уфе 19 студзеня.
Як сцвярджаецца, ён толькі знаходзіўся ва Уфе побач з месцам правядзення акцыі на цэнтральнай плошчы, але сам у ёй не ўдзельнічаў.
Увечары 19 студзеня да яго прыйшоў участковы, каб уручыць папярэджанне, а 25 студзеня, калі ён паехаў за горад, ён быў затрыманы людзьмі ў форме байцоў АМАП, якія «не прадставіліся, невядома, куды павезлі» затрыманага.
Пасля гэтага сваякоў запрасілі ва ўфімскі морг для апазнання цела Даутава, аднак, як сцвярджаецца, не пусцілі туды, спаслаўшыся на адсутнасць следчага. Цела памерлага яны пакуль не бачылі.
Чытайце таксама:
«Так, я ўцёк. Інакш — турма, 15 гадоў». Башкірскі спявак Алтынай Валітаў з'ехаў з Расіі
У чым сапраўдная прычына маштабнага пратэсту ў Башкартастане