У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка шэдэўраў беларускай скульптуры ФОТА
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 помнікаў, створаных на працягу першай паловы XVII — канца XVIII стагоддзяў, перыяду найвышэйшага росквіту культавай драўлянай скульптуры ў Вялікім Княстве Літоўскім.
29.01.2024 / 10:04
Скульптуры на выстаўцы. Фота: sb.by
Выстаўка «Беларуская скульптура XVII—XVIII стагоддзяў» адкрылася 26 студзеня ў новым выставачным корпусе музея па вуліцы К. Маркса, 24.
Яна стала вынікам шматгадовай працы па збіранні, рэстаўрацыі і вывучэнні калекцыі старажытнабеларускай скульптуры Нацыянальнага мастацкага музея.
Экспанаты паходзяць з розных рэгіёнаў краіны і сведчаць пра высокі прафесійны ўзровень развіцця скульптуры на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Разная скульптура сфарміравалася як значная з'ява ў беларускім мастацтве, атрымала распаўсюджванне і росквіт у каталіцкім храме, а таксама знайшла месца ў аздабленні цэркваў усходне-хрысціянскіх канфесій. У праваслаўнай царкве ў XVII-XVIII стст. высокага мастацкага ўзроўню дасягнула арнаментальная разьба па дрэве.
Скульптура Святога Абмрозія са Слоніма, адлюстраванага з характэрным для яго пчаліным вуллем у руцэ, на рэстаўрацыі перад выстаўкай. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры
Куратар выстаўкі, вядучы навуковы супрацоўнік Станіслаў Чавус, патлумачыў, што галоўная ідэя выстаўкі — паказаць выключна скульптуру і дэкаратыўную разьбу па дрэве.
— У экспазіцыі скульптура паказана так, каб была бачная дынаміка развіцця гэтай мастацкай з'явы з XVII стагоддзя, больш ранніх твораў зусім нямнога, каб штосьці пра іх гаварыць. І раней інтэр'еры каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных храмаў упрыгожваліся творамі выяўленчага мастацтва, а скульптура як істотная з'ява пачала з'яўляцца ў пачатку XVII стагоддзя і паступова развілася ў самастойную з'яву, — адзначыў Чавус.
Вывеска выстаўкі. Фота: sb.by
Некаторыя творы ўпершыню дэманструюцца шырокай публіцы. Гэта фігуры Арханёлаў з Пінска, Святога Войцеха з Гродна, Святога біскупа Рыма з Шарашова. Пасля завяршэння працяглай рэстаўрацыі экспануецца Распяцце з Лаўрышава. Для многіх твораў былі ўдакладнены атрыбуцыйныя звесткі, сярод іх скульптуры апостала Яна і Дзевы Марыі з кампазіцыі «Распяцце з прадстаячымі» з Шарашова, Святога Амброзія са Слоніма, а таксама комплекс скульптур з Магілёўшчыны.
Выстаўка будзе працаваць да 7 красавіка 2024 года.
Скульптуры на выстаўцы. Фота: sb.by
Чытайце таксама:
Сёння споўнілася б 70 гадоў Уладзіміру Жбанаву, чые скульптуры ўпрыгожваюць Мінск і Беларусь