Некаторыя шматпавярховікі абавязалі здаваць толькі з унутраным аздабленнем
Урад пашырыў пералік жылых памяшканняў, якія можна прымаць у эксплуатацыю толькі з унутраным аздабленнем. Дакумент аб змене ранейшай пастановы № 716 Савета Міністраў ад 6 чэрвеня 2011 года з'явіўся на партале pravo.by, піша Realt.by.
29.01.2024 / 16:54
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Realt.by
Згодна з унесенымі зменамі, цяпер усе жылыя шматкватэрныя дамы, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай, забудоўшчыкі павінны здаваць з унутраным аздабленнем жылых памяшканняў. Раней у эксплуатацыю без аддзелкі не прымалі толькі арэнднае і сацыяльнае жыллё, інтэрнаты, а таксама жылыя дамы і кватэры, якія будуюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Для вышэйпералічаных катэгорый гэтая норма захоўваецца.
Пад унутраным аздабленнем маецца на ўвазе тое, што ў кватэры павінны быць абклееныя або афарбаваныя сцены, устаноўленыя ўбудаваная мэбля і электрычныя пліты, зробленыя падлогі, устаноўленыя міжпакаёвыя дзверы і сантэхнічнае абсталяванне.
Пры гэтым кватэры, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай, могуць прымацца ў эксплуатацыю без выканання работ па ўстаноўцы ўбудаванай мэблі і электрычных пліт пасля ўнясення адпаведных зменаў у праектную дакументацыю.
Чытайце таксама:
З каралеўскай люстрай у санвузле. У Мінску ў звычайным ЖК прадаецца кватэра-палац
«Хочам нарэшце пажыць па-людску». Як выжываюць у райцэнтры за 90 кіламетраў ад Мінска
У цэнтры Мінска прапануецца вельмі дзіўная кватэра. Там адзін унітаз проста на кухні, другі — у шафе