Мікіта Міхалкоў расказаў, што расійскіх артыстаў прымушаюць ездзіць на Данбас дзеля кар'еры

Кажуць так: «Давай ты з'ездзі і тады будзеш выступаць на канцэртах».

30.01.2024 / 15:39

Дзіма Білан на Данбасе

У інтэрв'ю ТАСС рэжысёр Мікіта Міхалкоў паведаміў, што некаторых артыстаў вымушаюць ездзіць у шпіталі да параненых ва Украіне расійскіх вайскоўцаў. Паводле слоў Міхалкова, музыканты робяць гэта, каб «прадоўжыць сваю кар'еру» ў Расіі, заўважыла «Настоящее время».

«Нехта едзе туды, бо яму паставілі ўмову. І тады такія паездкі, я лічу, шкодныя. Бо гэта несправядліва ў адносінах да нашых воінаў. Я думаю, што ў гэтым выпадку абсалютна згубна начальнікам казаць: «Давай ты з'ездзі і тады будзеш выступаць на канцэртах», — сказаў рэжысёр.

Ён зазначыў, што некаторыя выканаўцы, сапраўды, ездзілі ў прыфрантавую зону па сваёй ініцыятыве. Адным з такіх артыстаў Міхалкоў назваў Рыгора Лепса.

«Яго не прымусілі, яму не сказалі «або-або», як многім іншым», — дадаў Мікіта Міхалкоў.

Раней некаторыя ўдзельнікі «голай вечарынкі» Насці Іўлеевай паехалі на Данбас, каб аднавіць сваю рэпутацыю. Напрыклад, спявак Дзіма Білан у сярэдзіне студзеня наведаў дзіцячую бальніцу ў Данецку, прывёз кандыцыянеры ў дзіцячы цэнтр у Горлаўцы, зрабіў ахвяраванне мясцоваму прытулку для бяздомных жывёл, а таксама паабяцаў дапамагчы з пратэзамі ўдзельнікам баявых дзеянняў і мірным жыхарам.

Чытайце таксама:

Дзіма Білан прыехаў у «ДНР»

Nashaniva.com