Служба дзяржбяспекі Латвіі не лічыць злачынствам супрацоўніцтва латвійскай еўрадэпутаткі з расійскай ФСБ

Служба дзяржбяспекі (СГБ) Латвіі 30 студзеня заявіла, што дзеянні дэпутаткі Еўрапарламента Таццяны Жданок, якая як мінімум з 2004 года ўзаемадзейнічала з супрацоўнікамі ФСБ, «не кваліфікуюцца як злачынства».

30.01.2024 / 16:41

Таццяна Жданок. Фота: Sputnik

У ведамстве ўдакладнілі, што не лічаць злачыннай дзейнасць еўрадэпутаткі, таму што яна прыйшлася на перыяд з 2004 па 2013 год, а да 2016 года латвійскае заканадаўства не прадугледжвала крымінальную адказнасць за дапамогу замежнай дзяржаве або замежнай арганізацыі, накіраваную супраць Латвіі.

Паводле ацэнкі ведамства, статус Таццяны Жданок як дэпутаткі Еўрапарламента і яе юрыдычная недатыкальнасць, якая забяспечваецца гэтым статусам, «былі важным аспектам, які спрыяў яе дзейнасці па падтрымцы геапалітычных інтарэсаў Расіі».

Служба бяспекі Латвіі плануе «ацаніць інфармацыю аб магчымым супрацоўніцтве Жданок з расійскімі спецслужбамі».

Тым часам у Еўрапарламенце пачалі ўнутранае расследаванне абставін магчымага супрацоўніцтва Жданок з расійскімі спецслужбамі.

У прэс-службе Еўрапарламента ў адказ на запыт Deutsche Welle паведамілі, што абвінавачванні на адрас Жданок праз меркаванае супрацоўніцтва з ФСБ з'яўляліся ў СМІ ў 2016 годзе. Калі факты яе ўзаемадзеяння з расійскімі спецслужбамі пацвердзяцца, супраць еўрадэпутаткі могуць увесці санкцыі.

Чытайце таксама:

ФСБ завербавала дэпутатку Еўрапарламента ад Латвіі

Эстонія пабудуе на ўсходняй мяжы лінію абароны з 600 бункераў, тое ж будуць рабіць Латвія і Літва

З Латвіі выслалі 82-гадовага вайсковага пенсіянера, які працаваў на Расію

Nashaniva.com