«Стварае атмасферу ўсёдазволенасці». Мінчука асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэстаў

У судзе Савецкага раёна Мінска 18 снежня 2023 года асудзілі Мікіту Кавалеўскага паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Мікіту два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), піша «Вясна».

31.01.2024 / 17:36

Мінчука абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну. Мужчыну апазналі па відэазапісе з акцыі пратэсту ў ягоным тэлефоне і па даных аб ягоным месцазнаходжанні ад мабільнага аператара. А таксама ў Мікіты знайшлі байку з каптуром, у якой ён быў на мітынгу.

Паводле судовай пастановы, «здзейсненае абвінавачаным злачынства стварае атмасферу ўсёдазволенасці».

Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну вызвалілі ў судовай зале. 

Мікіта Кавалеўскі мае вышэйшую адукацыю, беспрацоўны.

Чытайце таксама:

СК распавёў, колькі чалавек асудзілі за «спробу сарваць» рэферэндум 2022 года

Палітвязню далі пяць гадоў калоніі за 21-даляравы данат Палку Каліноўскага. Ён прыехаў з ЗША 

Больш за 200 чалавек трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў

Nashaniva.com