У ФРГ 200 тысяч пасажыраў сёння не сядуць на свой рэйс праз забастоўку аэрапортаў

Прафсаюз Ver.di дамагаецца павышэння зарплаты для персаналу аэрапортаў, які адказвае за кантроль пасажыраў і багажу. Ад аднадзённай забастоўкі пацерпяць не менш за 200 тысяч пасажыраў, адменяць 1100 рэйсаў, піша DW.

01.02.2024 / 10:48

Фото: Matthias Balk / dpa / picture alliance

У Нямеччыне ў чацвер, 1 лютага, будзе скасавана не менш за 1100 авіярэйсаў, праз што пацярпяць блізу 200 тысяч пасажыраў. 

Забастоўка пройдзе ў 11 аэрапортах краіны: Франкфурце-на-Майне, Гамбургу, Берліне, Дзюсельдорфе, Кёльне, Штутгарце, Брэмене, Гановеры, Лейпцыгу, Дрэздэне і Эрфурце. 

У страйку ўдзельнічаюць 25 тысяч супрацоўнікаў аэрапортаў, якія ажыццяўляюць кантроль пасажыраў, багажу і персаналу. Прафсаюз Ver.di дамагаецца павышэння зарплаты на 2,80 еўра ў гадзіну, павышэння службовых надбавак і даплат за звышурочныя, працу ноччу, у выхадныя і святочныя дні. 

Паводле звестак BDLS, выкананне патрабаванняў прафзвязу прывяло б сёлета да сумарнага павелічэння выдаткаў прадпрыемстваў на 250 мільёнаў еўраў. Перамовы паміж працадаўцамі і Ver.di працягнуцца 6 лютага.

Nashaniva.com