Мінюст і Вярхоўны суд задумалі закрыць аб'яднанне, якім кіруе Чэрачань

Арганізацыя існуе 30 гадоў.

01.02.2024 / 11:53

Мінскі гарадскі суд 13 лютага разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Дыпламатыя», вынікае з раскладу на партале электроннага судаводства. Суддзя Вольга Паланевіч пачне працэс у 14:00, паведамляе «Позірк».

Паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістра, аб’яднанне «Дыпламатыя» зарэгістравана 22 лютага 1993 года.

На сайце арганізацыі пазначана, што яна «ўмацоўвае дэмакратычныя інстытуты і падтрымлівае грамадзянскую супольнасць», імкнецца «ўмацоўваць прававую базу і кіраўнічую практыку для падвышэння эфектыўнасці мер урада ў адказ», падвышаць «уплыў грамадскіх інтарэсаў у прыняцці важных для краіны рашэнняў» ды інш. У ліку сваіх каштоўнасцяў «Дыпламатыя» называе «свабоду, павагу правоў чалавека і правядзенне сумленных выбараў».

З 2017 года аб’яднанне ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, старшыня дэ-юрэ ліквідаванай партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачань. Ганаровым членам «Дыпламатыі» з’яўляецца экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Віктар Цярэшчанка.

Nashaniva.com