У студзені пасля адбыцця тэрміну выйшлі на волю 35 палітвязняў
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у студзені на волю выйшлі як мінімум 35 чалавек, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Двое з іх правялі за кратамі больш за тры гады. Яшчэ дзве жанчыны былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.
01.02.2024 / 18:57
На гэты момант у Беларусі налічваецца 1416 афіцыйна прызнаных палітвязняў, іх колькасць павялічваецца амаль штотыднёва.
Адначасова кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію») ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».
Пры гэтым колькасць палітвязняў, якія выйшлі на волю па адбыцці тэрміну, можа быць большай праз адсутнасць у праваабаронцаў дакладных звестак пра іх вызваленне. Раней паведамлялася, што ў студзені выйшлі на волю, у прыватнасці, палітвязні Зінаіда Міхнюк, Аляксандр Бабіч, Андрэй Бяляўскі, Аляксандр Лучыновіч, Арцём Такарчук.
У студзені лукашэнкаўскія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі дзве палітзняволеныя жанчыны ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — Ксеніі Рыжык і Ганне Чаркас прызначылі ў якасці пакарання «хатнюю хімію». Але і гэтыя звесткі могуць быць няпоўнымі, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам.
Чытайце таксама: