Развод бацькоў аказвае працяглы негатыўны эфект на ўзровень жыцця дзяцей — навукоўцы

Навукоўцы ўпершыню звярнулі ўвагу на эканамічныя наступствы разводу бацькоў для дзяцей. І прапануюць, як можна іх мінімізаваць.

02.02.2024 / 20:13

У апошнія гады мноства даследчыкаў займалася вывучэннем наступстваў разводаў для ўзроўню жыцця былых мужа і жонкі, у прыватнасці, павышанай рызыкі беднасці, з якой сутыкаюцца маці-адзіночкі. Аднак мала хто звяртаў увагу на змены ў жыцці дзіцяці. Новае даследаванне Нацыянальнага інстытута дэмаграфічных даследаванняў і арганізацыі France Stratégie дазваляе паглядзець на змену ўзроўню жыцця дзяцей, бацькі якіх разышліся, у кароткай і доўгатэрміновай перспектывах.

З асноўнымі вынікамі яго знаёміць Le Monde.

Вучоныя стварылі базу даных, у якой адсочвалі змены ва ўзроўні жыцця 730 тысяч дзяцей з 2011 па 2019 год на аснове падатковых даных дарослага, у якога яны жывуць. Сярод іх было 36 тысяч дзяцей, бацькі якіх разышліся.

Асноўная тэндэнцыя, якая была выяўлена — зніжэнне ўзроўню жыцця дзіцяці пасля разводу бацькоў мае доўгатэрміновы характар. Калі ў першы год пасля разводу яго адчувае 19% дзяцей, то праз пяць гадоў гэта лічба складае 12%.

Пры гэтым большая рызыка трапіць у беднасць у тых дзяцей, якія засталіся жыць з маці. Так, у год, які ідзе за разводам, падзенне ўзроўню жыцця назіралася ў кожнага чацвёртага дзіцяці (25%), што засталося з маці, і толькі ў кожнага дзясятага (11%), якое жыло з бацькам.

Вучоныя таксама адзначаюць, што ў параўнанні з поўнымі семʼямі, дзеці, якія жывуць з адным з бацькоў, у першы год пасля разводу мелі ў сярэднім на 27% ніжэйшы ўзровень жыцця. І гэтая тэндэнцыя была доўгатэрміновай. Праз пяць гадоў гэты паказчык быў на 22% ніжэйшы ў параўнанні з поўнымі семʼямі.

Яшчэ адной адметнасцю, на якую звяртаюць вучоныя, зʼяўляецца тое, што назіраюцца значныя адрозненні ў залежнасці ад сацыяльных катэгорый сем'яў. 

Узровень жыцця найбольш моцна зніжаецца ў дзяцей з больш заможных семʼяў у параўнанні з дзецьмі з бедных семʼяў. У першым выпадку падзенне складае 20%, а ў другім толькі 6%.

Аднак гэтае падзенне ў выпадку заможных семʼяў нівелюецца, калі дзеці па чарзе жывуць з адным з бацькоў. Для іх падзенне склала 12% праз год пасля разводу і 6% праз шэсць гадоў.

Вучоныя таксама звяртаюць увагу на той факт, што найбольш уразлівымі зʼяўляюцца дзеці з семʼяў з сярэднім дастаткам і са шматдзетных семʼяў.

Калі да разводу ў катэгорыі бедных знаходзіцца 16% дзяцей з семʼяў з трыма дзецьмі, то ў першы год пасля разводу бацькоў гэты паказчык узрастае да 36%. Пры гэтым рызыка беднасці звычайна ўзрастае для дзяцей, што застаюцца з маці.

Даследаванне ўяўляе цікавасць не толькі сваёй арыгінальнасцю, але і тым, што яно паказвае разрыў паміж прагназаваным зніжэннем, якое павінна было б адбыцца пасля разводу, і рэальным зніжэннем. На практыцы зніжэнне менш значнае, чым прагназаванае.

Гэта даследчыкі тлумачаць эфектыўнасцю сістэм сацыяльнай падтрымкі і падаткаў. Такія механізмы, як аліменты, падатковыя льготы, сацыяльныя трансферы і дапамога семʼям змякчаюць негатыўнае ўздзеянне разводу. Асабліва заўважны эфект у няпоўных семʼях, якія знаходзяцца ўнізе сацыяльнай лесвіцы.

Як адзначае выданне, даследаванне звяртае ўвагу на доўгатэрміновыя наступствы разводу на дзяцей, а таксама сведчыць аб станоўчым эфекце разнастайных мер падтрымкі няпоўных сямʼяў.

Чытайце яшчэ:

Як развесціся з партнёрам і не нашкодзіць дзіцяці і ці варта захоўваць шлюб дзеля малога?

«Угаворваў вярнуцца ў Беларусь». Як былы муж, дэпартаваны з Польшчы, спрабаваў адабраць дзяцей у палітычнай эмігранткі

89-гадовы мужчына ўжо 27 гадоў спрабуе развесціся са сваёй жонкай

Антось Жупран