У Чылі бушуюць лясныя пажары. Колькасць загінулых пераваліла за сотню
Прэзідэнт Чылі Габрыэль Борыч абвясціў надзвычайнае становішча ў рэгіёне Вальпараіса.
05.02.2024 / 07:33
Наступствы пажару ў Вінья-дэль-Мары. Фота: Cristobal Basaure / AP
Колькасць ахвяр лясных пажараў у Чылі ўжо перавысіла 100 чалавек. Паводле апошніх звестак, загінулі 112 чалавек, піша Бі-бі-сі.
Прэзідэнт Чылі Габрыэль Борыч абвясціў надзвычайнае становішча ў рэгіёне Вальпараіса і паабяцаў даць для вырашэння сітуацыі «ўсе неабходныя рэсурсы».
Пажары ўжо распаўсюдзіліся на шырокую тэрыторыю і колькасць ахвяр можа вырасці, папярэджвалі ўлады. Цяпер, паводле іх звестак, налічваецца 40 актыўных ачагоў пажараў па краіне.
Рэгіянальны камітэт па барацьбе з ляснымі пажарамі паведаміў, што 45 загінулых былі знойдзеныя мёртвымі на месцы, астатнія памерлі ад атрыманых апёкаў ужо ў бальніцах.
Пажары пачаліся пасля перыяду летняй спёкі з тэмпературай, якая паднялася вышэй за 33°С.
На іх тушэнне былі кінутыя 1400 пажарных, армія, пажарныя самалёты і верталёты. Выратавальныя службы спрабавалі дабрацца да найбольш пацярпелых раёнаў, але ім перашкаджалі калоны машын з людзьмі, якія ратаваліся ад агню.
Пажары, якія пачаліся ў гарах, распаўсюдзіліся на прыбярэжныя раёны, дасягнуўшы гарадоў Вінья-дэль-Мар і Вальпараіса. Разам яны ўтвараюць шырокі рэгіён на цэнтральным узбярэжжы Чылі, у якім пражывае больш за мільён чалавек.
Былі перакрытыя некалькі аўтамагістраляў, якія вядуць з Вінья-дэль-Мар. Улады ўвялі каменданцкую гадзіну з 21:00, каб палегчыць працу выратавальных службаў.
«Мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай катастрофай», — сказала мэр горада Макарэна Рыпамонці.
Вінья-дэль-Мар, вядомы курорт, які карыстаецца папулярнасцю ў серфераў і турыстаў, якія прыязджаюць у гэты рэгіён, які славіцца сваімі вінамі.
Многія пацярпелыя, мяркуючы па ўсім, якраз і былі турыстамі, якія прыехалі ў Вальпараіса падчас летніх вакацый.
Улады кажуць, што гэта — самы смяротны пажар у гісторыі Чылі.
Чытайце таксама: