Бона прапанаваў кантраляваць інтэрнэт

Вакаліст ірландскай рок-групы U2 Бона ў сваёй калонцы ў The New York Times прапанаваў узяць на ўзбраенне досвед Кітая і ўвесці кантроль за змесцівам інтэрнэт-трафіку дзеля барацьбы з пірацтвам.

05.01.2010 / 10:46

Вакаліст ірландскай рок-групы U2 Бона ў сваёй калонцы ў The New York Times прапанаваў узяць на ўзбраенне досвед Кітая і ўвесці кантроль за змесцівам інтэрнэт-трафіку дзеля барацьбы з пірацтвам. На думку музыкі, увядзення такой меры мусяць дамагчыся прадстаўнікі кінаіндустрыі, якім у хуткім часе давядзецца востра сутыкнуцца з праблемай пірацтва.

Рост хуткасці перадачы дадзеных прывядзе да таго, што людзі будуць згружаць серыялы і фільмы за некалькі секундаў, і зусім кінуць плаціць за фізічныя носьбіты, лічыць Бона.

Паводле ягоных слоў, апошнія дзесяць гадоў паказалі, што файлаабмен шкодзіць у першую чаргу стваральнікам кантэнту, напрыклад, музыкам-пачаткоўцам, якія не здольныя яшчэ зарабляць грошы канцэртамі й продажамі сувенірнай прадукцыі.

«Кінамагнаты мусяць дасягнуць поспеху там, дзе зазнала паразу музычная індустрыя, і прымусіць улады ЗША прыняць меры па абароне самай крэатыўнай эканомікі ў свеце», — піша Бона.

Паводле ягоных слоў, тэхнічная магчымасць кантраляваць інтэрнэт-трафік і такім чынам не дапускаць распаўсюду кантрафактнай прадукцыі існуе, і гэта даказвае досвед ЗША ў барацьбе з дзіцячай парнаграфіяй і досвед Кітая па задушэнні іншадумства ў інтэрнэце.

Варта адзначыць, што з меркаваннем Бона згодныя й іншыя папулярныя музыкі, у тым ліку брытанская спявачка Лілі Ален (Lily Allen), якая раней аб’явіла пра завяршэнне кар’еры праз нежаданне мірыцца з існаваннем інтэрнэт-піратаў, якія бясплатна распаўсюджваюць яе музыку.

У той жа час такія вядомыя гурты як Nine Inch Nails і Radiohead, наадварот, выступаюць супраць барацьбы з пірацтвам і самастойна дазваляюць бясплатна загружаць сваю музыку. Музыкі-пачаткоўцы таксама часцяком самі аддаюць свае творы ў вольны распаўсюд, паведамляе Lenta.ru.

Гісторыя будзе няпоўнай, калі не ўзгадаць, што Бона сам пацярпеў ад спрытнасці піратаў. Летам 2004-га года адзін з удзельнікаў U2 — Эдж — страціў дыск з майстар-копіяй доўгачаканага альбома «How To Dismantle An Atomic Bomb». Гурту праз гэты выпадак давялося мяняць графік выхаду альбому й ахвяраваць адпачынкам, але ўсё адно пірацкія запісы з’явіліся ў сеціве раней.

Тым часам нарвежскі інстытут менеджменту цьвердзіць, што моладзь, якая загружае пірацкую музыку з сеціва, купляе ўдзесяцёра больш легальных запісаў, чым тыя, хто не выкарыстоўвае файлаабменнікі.

cz