У Асвеі 17-гадовы п'яны юнак на матацыкле цягаў на цюбінгу маці

У мястэчку ўвагу інспектараў дарожна-паставой службы прыцягнуў матацыкл Wels без рэгістрацыйных знакаў. Кіроўца буксіраваў санкі і цюбінг, у якіх былі людзі, паведамляе прэс-служба МУС.

05.02.2024 / 14:52

Міліцыянты спынілі незвычайны картэж. Ад удзельнікаў паездкі ішоў пах алкаголю, стан ап'янення пацвердзіў медыцынскі агляд. Матацыклам кіраваў 17-гадовы падлетак-бяспраўнік, які перавозіў у санках і цюбінгу сваю маці і знаёмага — уладальніка матацыкла.

Напярэдадні кампанія рабіла рамонт, адначасна піла. Незвычайную канструкцыю для перамяшчэння зрабілі, каб дабрацца дадому.

На ўдзельнікаў «пакатушак» складзены шэраг адміністрацыйных пратаколаў.

У міліцыі зазначаюць, што катанне на цюбінгах, санках і іншых спартыўных снарадах дапускаецца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. І катэгарычна забаронена іх буксіраваць транспартнымі сродкамі.

Nashaniva.com