Лукашэнка дазволіў вайскоўцам страляць у грамадзян без папераджальнага стрэлу

Аляксандр Лукашэнка ўнёс папраўкі ва ўказ «Аб Агульнавайсковых статутах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Напрыклад, змены адбыліся ў Статуце ўнутранай службы, якія тычацца ўжывання вайскоўцамі зброі супраць грамадзян.

05.02.2024 / 16:09

Калі раней вайскоўцы былі абавязаныя не толькі папярэджваць аб ужыванні зброі, але і страляць у паветра, то цяпер папераджальны стрэл не патрабуецца. 

«Ужыванню фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, зброі павінна папярэднічаць выразна выяўленае і відавочнае для асобы, супраць якога яны могуць быць ужытыя, папярэджанне аб намеры іх прымяніць з прадастаўленнем дастатковага часу для выканання законных патрабаванняў, за выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ў іх ужыванні стварае непасрэдную небяспеку для жыцця вайскоўца або іншых грамадзян альбо можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы». 

Асобна дададзена, што зброя можа ўжывацца супраць тых, хто здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне. Цяпер артыкул гучыць так: «Вайскоўцы пры выкананні ўскладзеных на іх задач маюць права

прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецыяльную тэхніку, ужываць і выкарыстоўваць зброю з улікам абстаноўкі, характару злачынствы, адміністрацыйнага правапарушэння і асобы правапарушальніка, кіруючыся патрабаваннямі агульнавайсковых статутаў».

Акрамя таго, раней у статуце гаварылася, што «ўжыванне вайскоўцамі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі з перавышэннем паўнамоцтваў цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі».

Цяпер, наадварот, падкрэсліваецца, што вайскоўцы не будуць несці адказнасць за шкоду, прычыненую грамадзяніну, калі фізічная сіла, спецсродкі або зброя ўжываліся ў адпаведнасці са статутамі.

Самы вядомы выпадак забойства вайскоўцамі грамадзянскага адбыўся 11 жніўня 2020 года — у той дзень у Брэсце смяротна паранілі Генадзя Шутава.

Забітага Шутава на судзе прызналі вінаватым, ягоны сябра Аляксандр Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вайскоўцы з Мар'інай Горкі — капітан сіл спецыяльных аперацый Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын — былі прызнаныя пацярпелымі. 

Раней Лукашэнка дазволіў супрацоўнікам КДБ страляць у натоўпе.

Чытайце таксама:

Самы публічны кадэбіст Канстанцін Бычак пайшоў на павышэнне

Тут вучыліся Патрушаў і Тозік. Што за напаўсакрэтная ўстанова, якая рыхтуе кадры для КДБ

«Калі ён ішоў у прыбіральню, ведала ўся калонія, бо пра гэта апавяшчала сігналізацыя». Былы зняволены расказаў пра Віктара Бабарыку

Nashaniva.com