У Хойніках больш за месяц з кранаў цячэ «кава з пяском»

У Хойніках людзі больш за месяц скардзяцца на брудную ваду. Мяркуючы па фота, якімі дзеляцца гараджане, калі ў вадзе проста іржа — гэта яшчэ «шанцаванне». У некаторых вада выглядае як кава з пяском, піша «Белсат».

05.02.2024 / 16:47

Вада, якая цячэ ў дамах у Хойніках. Крыніца: «Хойники на связи» / Telegram

З пачатку лютага ў тэлеграм-канале «Хойники на связи» скаргі сталі з’яўляцца ўсё часцей.

«Колькі гэта можа працягвацца? За студзень дзве заяўкі было пададзена. На Калесніка * * ужо цэлы месяц ідзе брудная вада, што гарачая, што халодная, калі будуць прынятыя меры?!», — абураюцца ў мясцовым чаце.

Яшчэ людзі скардзяцца, што ім даводзіцца траціць шмат грошай, каб проста папіць вады.

Выданне «Хойніцкія навіны» даведалася у чыноўнікаў, у чым праблема і калі яна будзе вырашана. Анатоль Гура, намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе сферу камунальнай службы, запэўніў, што адносна праблемы няякаснай вады ён у курсе, а ўсё, што пішацца ў тэлеграм-канале «Хойники на связи», ён адсочвае, беручы на кантроль усе адрасы, з якіх паступаюць скаргі. На сувязі ён і са спецыялістамі філіяла «Вадаканала», «каб у рэжыме рэальнага часу ведаць, як там вырашаюць пытанне».

Праблема ў няякаснай працы старой станцыі абезжалезвання, лічыць чыноўнік. У найбліжэйшыя дні, па ягоных словах, яна будзе выведзена з эксплуатацыі, а замест яе запрацуе новая. 

«Разлічваем, што менавіта гэта вырашыць праблему з якасцю вады ў райцэнтры», — лічыць Гура.

Чытайце таксама:

Пры будаўніцтве метро пашкодзілі трубу, без вады застаўся мінскі квартал

У Бабруйску дзяржаўнае рытуальнае прадпрыемства шантажавала сваякоў памерлых

«Хочам нарэшце пажыць па-людску». Як выжываюць у райцэнтры за 90 кіламетраў ад Мінска 

Nashaniva.com