«Падлічыў і ашалеў»: мінчанін распавёў, колькі патраціў за 4 гады на каршэрынг. Ці атрымалася зэканоміць?

Блогер пад нікам lipa_stickiton вырашыў распавесці ў тыктоку, колькі грошай патраціў на каршэрынг у Мінску за чатыры гады — улічваючы той факт, што хлопец карыстаецца ім рэгулярна.

05.02.2024 / 17:09

− Я падлічыў, колькі грошай выдаткаваў на каршэрынг і ашалеў. Актыўна карыстаюся каршэрынгам дзесьці чатыры гады: з дому на працу, з працы дадому, ну і плюс яшчэ нейкія паездкі. У адным мабільным дадатку напісана, колькі ты праездзіў, а ў іншым я ўдакладніў у службе падтрымкі.

@lipa_stickiton Выгодно или не выгодно? #водитель #беларусь #минск ♬ оригинальный звук - BEST STICKER

Высветлілася, што хлопец карыстаўся арэнднымі аўто ажно 48 тысяч хвілін. Ён распавёў і як змяніўся кошт за гэты час: ад 29 да 45 капеек за хвіліну. Блогер падлічыў, што заплаціў за паслугу каля 15 тысяч рублёў.

− Калі падзяліць на 48 месяцаў, то атрымаецца, што штомесяц я траціў на каршэрынг 312 рублёў. Многа гэта ці мала, я не ведаю. Мне здаецца, плацеж па крэдыце за новую машыну быў бы нашмат большы.

Менш чым за суткі відэа набрала каля 212 тысяч праглядаў. Большасць каментатараў пагадзілася з тым, што выкарыстоўваць каршэрынг больш выгадна, чым мець свой уласны аўтамабіль: «Масла, фільтра, падвеска, страхоўка, бензін − падобна, ты ў плюсе», «312 рублёў — гэта толькі бензін на месяц. Калі ездзіў на працу на каршэрынгу, выходзіла каля 200-300 рублёў штомесяц. Самы просты крэдыт на «Джылі» з бензінам і абслугоўваннем — 1200».

Але ж адна дзяўчына падзялілася і негатыўным вопытам карыстання арэндай аўто: «У мяне за адну паездку атрымалася 25 тысяч рублёў. Незапланаванае спыненне ў кювеце». Каментатарка сцвярджае, што не засмуцілася і вынесла шмат урокаў, якія паўплывалі на яе далейшае кіраванне.

Чытайце таксама:

«Усё, бл*, дакаталіся»: машыну знесла ветрам з трасы М1. ВІДЭА

У Лідзе тата 11 дзяцей страціў прытомнасць, калі перабягаў дарогу ВІДЭА

Вера Палякова-Макей трапіла ў жахлівую аварыю ў Новасібірску

Nashaniva.com