Авіякампанія Finnair будзе ўзважваць пасажыраў

Узважванне будзе адбывацца ў аэрапорце Хельсінкі-Вантаа з лютага па май.

07.02.2024 / 13:01

Finnair.com

Нацыянальная авіякампанія Finnair мае намер узважваць пасажыраў перад пасадкай на борт. Гаворка ідзе пра добраахвотнае ўзважванне, з дапамогай якога будзе вызначацца сярэдняя вага пасажыраў і багажу, піша Yle.fi.

Вагі паставяць у аэрапорце Хельсінкі-Вантаа ля некалькіх выхадаў на пасадку. Узважвання будуць праходзіць у лютым, красавіку і маі.

— Мы будзем запісваць агульную вагу пасажыра і багажу і некаторую іншую інфармацыю, аднак імя і пасадачны нумар мы не фіксуем. Лічбу на вагах будзе бачыць толькі работнік аэрапорта, так што ўдзельнічаць у добраахвотным узважванні можна не баючыся цікаўных разявак, — запэўнівае Сату Мунукка з Finnair.

Авіякампанія ўжо праводзіла ўзважванні ў 2017-2018 гг. Атрыманыя ў ходзе працэсу дадзеныя выкарыстоўваліся для ўнутраных разлікаў. Паводле агульнаеўрапейскага заканадаўства, разлікі неабходна абнаўляць кожныя пяць гадоў.

Як паведамляе Finnair, у кожнага самалёта ёсць максімальная грузападымальнасць, якую нельга перавышаць. Авіякампанія валодае дасканалай інфармацыяй аб тым, якія фактары ўплываюць на максімальную ўзлётную вагу самалёта, за выключэннем вагі пасажыраў і багажу — у іх дачыненні выкарыстоўваецца прыблізная ацэнка.

Чытайце таксама:

Ранішні рэйс «Белавія» вярнуўся ў Мінск адразу пасля ўзлёту

У Анталлі экстранна сеў турэцкі лайнер з-за крыкаў аб дапамозе ў багажным адсеку

«Белавія» будзе складаць чорны спіс пасажыраў. Каго туды могуць унесці?

Nashaniva.com