МЗС Польшчы працягне фінансаваць тэлеканал «Белсат»
МЗС Польшчы лічыць «Белсат» адным з сімвалаў польскай усходняй палітыкі, мэта якой — дэмакратызацыя і падтрымка сіл незалежнасці, і працягне яго падтрымку, піша oko.press.
07.02.2024 / 15:23
Выданне oko.press апублікавала матэрыял пра сітуацыю на тэлеканале «Белсат», у тым ліку ў яго расейскамоўнай рэдакцыі «Вот так». Журналісты звярнуліся па каментары ў МЗС.
«Белсат застаецца», — коратка адказаў ім міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў і прэс-сакратар МЗС Павел Уронскі. «МЗС мае намер працягваць фінансаваць «Белсат». Пытанне, як гэта будзе, каб было эфектыўна. На дадзены момант мы слухаем прапановы TVP», — сказаў ён.
У заяве МЗС, якую атрымалі журналісты, гаворыцца, што тэлеканал «Белсат» вельмі важны. «Гэта адзін з сімвалаў польскай усходняй палітыкі, мэта якой — дэмакратызацыя і падтрымка сіл незалежнасці ў былых рэспубліках Савецкага Саюза», — адзначаецца ў ёй.
Праблемы ў канала ўзніклі з прычыны рэформы грамадскіх СМІ ў Польшчы, у тым ліку тэлекампаніі TVP, у структуру якой уваходзіць «Белсат».
Сітуацыя стала вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.
Ва ўрадзе свае дзеянні тлумачаць неабходнасцю «аднавіць незалежнасць, аб’ектыўнасць і плюралізм у рэалізацыі грамадскай місіі» дзяржаўных медыя. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда назваў кадравыя перастаноўкі незаконнымі.
Пра неабходнасць падтрымання «Белсата» казала Святлана Ціханоўская падчас сустрэчаў у Варшаве з кіраўніцтвам МЗС, спікерамі Сейма і Сената Польшчы, а таксама з сябрамі Камітэта замежных справаў Сейма.
За кратамі цяпер знаходзіцца 17 супрацоўнікаў «Белсата».
Чытайце таксама:
Праклён беларускіх сілавікоў. Як паміраюць людзі ў пагонах пасля 2020 года — даныя «Кіберпартызанаў»
Стала вядома, калі з'явяцца першыя ўзоры пашпарта Новай Беларусі