Выбух у Удмурціі ўлады называюць «планавымі выпрабаваннямі»

Выбух пад Іжэўскам, відэа з якім разышлося ў сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах, адбыўся падчас планавых выпрабаванняў ракетных рухавікоў, паведамілі ТАСС у адміністрацыі Заўялаўскага раёна, на тэрыторыі якога гэты выбух быў зафіксаваны.

07.02.2024 / 21:49

У некаторых тэлеграм-каналах з'явіліся паведамленні, што выбух быў выкліканы тэхнічнымі работамі на Воткінскім машынабудаўнічым заводзе. Аўтары гэтых каналаў спасылаюцца на рэгіянальную службу МНС, але ў афіцыйным канале МНС па Удмуртыі такіх тлумачэнняў у той момант не было.

Няма пакуль і афіцыйных паведамленняў і звестак аб пацярпелых.

Воткінскі завод размяшчаецца за 50 кіламетраў ад сталіцы Удмуртыі Іжэўска. Акрамя цывільнай прадукцыі, ён выпускае артылерыйскія ракеты, у тым ліку балістычныя ракеты стратэгічнага прызначэння для комплексаў «Топаль-М» і «Іскандэр».

У канцы 2023 года Воткінскі завод апублікаваў 19 дзяржкантрактаў па вытворчасці кампанентаў ядзерных узбраенняў. Пры заводзе дзейнічае выпрабавальны палігон каля сяла Ягул за 12 км ад Іжэўска. 

Чытайце таксама:

Жыхары Іжэўска паведамілі пра магутны выбух у горадзе ці яго ваколіцах

Украінская ракета, верагодна, прыляцела на з'езд аператараў расійскіх дронаў. Маглі загінуць больш за 20 вайскоўцаў

У Расіі адбыўся выбух на фекальнай станцыі 

Nashaniva.com