Памятаеце ўкраінскую валанцёрку, якая знікла па дарозе ў Мазыр? Праз паўгода знайшлася за кратамі — «шпіянаж»
Суд над Наталляй Захаранка пачнецца ў дзень яе 44-годдзя. Жанчыне пагражае да пятнаццаці гадоў турмы.
08.02.2024 / 11:00
Наталля Захаранка. Фота з яе старонкі Укантакце
Наталлі Захаранка 43 гады. Жанчына яшчэ да вайны часта наведвала Беларусь — падпрацоўвала гандлем на гомельскіх рынках. Але пасля расійскага ўварвання яна пачала дапамагаць бежанцам ды перасяленцам з Украіны. Перавозіла людзей у ЕС і ў Беларусь, перадавала для сваякоў, якія завіслі ў Беларусі, грошы, лекі і дакументы.
Гэты кірунак яе дзейнасці пацвярджаюць не толькі словы сваякоў, але і запісы нумара жанчыны ў кантактных кнігах розных людзей. Сярод іх: «перавознік на РБ», «Наталля перавознік з Украіны», «Наталля Пасылкі», «Наталля дакументы» і гэтак далей.
Ва ўкраінскіх медыя яе называлі валанцёркай. Вядома, што яна ездзіла ў Беларусь на ўласнай машыне (мяркуючы па запісах у кантактных кнігах, гэта мінівэн Mercedes Vito).
Сувязь з ёй знікла 19 ліпеня 2023 года, амаль адразу пасля таго, як яна прыехала ў Беларусь. Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і месенджары маці сталі недаступныя, а афіцыйныя органы маўчалі. Праўда, дачку пераконвалі, што, маўляў, сярод затрыманых Наталлі няма. Але і пасля публікацый у медыя пра жанчыну не стала нічога вядома.
Як выявілася, 15 лютага 2024 у Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс над Захаранка. У гэты дзень у Наталлі дзень народзінаў. Абвінавачваюць яе ў шпіянажы — гэта асабліва цяжкі артыкул, па якім могуць прызначыць ад сямі да пятнаццаці гадоў турмы.
З максімальнай доляй імавернасці можна лічыць, што Наталлю ўтрымліваюць у гомельскім СІЗА №3 — іншых ізалятараў у Гомелі няма.
Разам з Наталляй судзяць яе знаёмую Ларысу Крупу за «неданясенне пра злачынства». Ёй пагражае да двух гадоў турмы — але яна не ў СІЗА, бо гэта немагчыма па законе
(узяць пад варту да суда могуць, калі чалавеку па артыкуле, па якім яго вінавацяць, пагражае больш за два гады зняволення).
Чытайце таксама:
У Беларусі знікла ўкраінская валанцёрка — медыя
Украінку, якая здымала на відэа вайсковую тэхніку, прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі