У Швецыі чалавек паўгода харчуецца мясам мядзведзя, які яго пакалечыў

42-гадовы Пэр Сундстром сустрэўся з мядзведзем недалёка ад шведскага горада Юсдаль яшчэ ў жніўні мінулага года. Жывёліна напала на яго і разарвала твар. Мужчына, мабыць, тады б і развітаўся з жыццём, каб не дапамога 14-гадовага сына Эверта, паведамляе Bild.

08.02.2024 / 17:24

Разам Пэр і Эверт змаглі адолець мядзведзя: цяжка паранены Пэр нанёс яму смяротнае раненне. Але пасля гэтай сутычкі мужчына апынуўся ў бальніцы. Калегі ж ягоныя разабралі мядзведзя і паклалі мяса ў маразілку. І цяпер яно важная частка рацыёну сям'і Сундстром.

«Мы робім з гэтага мяса начынне для тако. Мяса цёмнае, з грубымі валокнамі, яно патрабуе вялікай колькасці спецый. Напоўніць тако мясам мядзведзя, які ўкусіў мяне за твар, было ў маіх вачах найвышэйшай помстай» — сказаў Пэр у інтэрв'ю мясцовай газеце Aftonbladet.

Акрамя таго, Пэр і Эверт разам гатавалі з забітага мядзведзя гуляш, шашлыкі і чэтбулар — традыцыйныя шведскія фрыкадэлькі.

Сундстром яшчэ не хутка зможа забыцца пра напад мядзведзя: рана ад укусу на яго твары добра бачная да гэтага часу, а шнары, хутчэй за ўсё, не знікнуць ніколі. Ён ужо перанёс шэраг аперацый, а наступная запланаваная на лета.

«Лекары хочуць аднавіць мой нос і многае выправіць. Ён павінен выглядаць амаль гэтак жа, як і раней», — спадзяецца Сундстром.

Чытайце таксама:

У Гродзенскім заапарку прачнуліся мядзведзяняты. Яны такія смешныя ВІДЭА

У Беларусі знялі фільм з самым сапраўдным мядзведзем у галоўнай ролі. Таксама зняўся акцёр са «Слова пацана»

У Кітаі вялікія панды перасталі лічыцца відам, які вымірае

Nashaniva.com