Пенсіянера асудзілі за ўдзел у Маршы ў 2020-м — яго знайшлі па фотаздымку ў перапісцы знаёмай

У судзе мужчына распавёў, што на акцыю ён адмыслова прыехаў з вёскі на машыне. А калі ўбачыў пратэстоўцаў з сімволікай, то далучыўся да іх.

09.02.2024 / 13:25

Васіля Рубцова суддзя Марына Клімчук прызнала вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

На судзе Васіль Рубцоў прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Ён распавёў, што пра правядзенне пратэснага Марша ў кастрычніку 2020 года ён дазнаўся з інтэрнэта. На акцыю ён адмыслова прыехаў з вёскі на машыне.

Калі ўбачыў пратэстоўцаў з сімволікай, то далучыўся да іх.

Мужчына прызнаў, што выходзіў на праезную частку дарогі, дзе яго знаёмыя сфатаграфавалі яго з невядомай асобай, у якой пры сабе меўся плакат з пратэсным лозунгам.

Каля 16:00 ён сышоў з Маршу. Васіль на працэсе адзначыў, што лозунгі пратэснага характару на Маршы ён не выкрыкваў, гучных не хлопаў.

Пенсіянера знайшлі па фотаздымку з Марша, які міліцыянты выявілі ў перапісцы яго знаёмай пры аглядзе яе тэлефона. У пастанове суда адзначаецца, што рух грамадскага транспарту падчас Маршу не ажыццяўляўся па прычыне «знаходжання яго сумесна з іншымі асобамі на праезнай частцы дарогі». На фотаздымках, якія прадаставілі мужчыне на судзе, ён апазнаў сябе. 

У аснову прысуду паклалі паказанні самога мужчыны.

Васіля Рубкова затрымлівалі ў межах гэтай крымінальнай справы, але адпусцілі да суда пад заклад 18 500 рублёў.

Суддзя Марына Клімчук прызначыла пенсіянеру два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Пасля таго, як прысуд набудзе моц, заклад вернуць мужчыне, а таксама адменяць арышт на яго маёмасць.

Чытайце таксама:

Сёння роўна год, як нічога не вядома пра Міколу Статкевіча

Памятаеце ўкраінскую валанцёрку, якая знікла па дарозе ў Мазыр? Праз паўгода знайшлася за кратамі — «шпіянаж»

Супраць Вікторыі Кульшы хочуць завесці трэцюю запар крыміналку за «непадпарадкаванне адміністрацыі»

Nashaniva.com