Містэр Бін замяніў Сапатэра
Невядомыя хакеры ўзламалі афіцыйны сайт Іспаніі і падмянілі фотаздымак яе кіраўніка на выяву нехлямяжага коміка.
05.01.2010 / 20:21
Наведвальнікі сайта краіны-старшыні Еўрасаюза 2010 Іспаніі былі здзіўленыя выявай містэра Біна на месцы партрэта іспанскага лідэра Хасэ Луіса Сапатэра.
Увечары 4 студзеня невядомыя хакеры ўзламалі афіцыйны сайт і падмянілі фотаздымак Сапатэра на выяву нехлямяжага коміка.Падабенства між прэм’ер-міністрам і містэрам Бінам, ролю якога выконвае Роўэн Аткінсан, ужо доўгі час з'яўляецца аб’ектам жартаў у Іспаніі. Грамадзяне краіны ў цэлым вельмі незадаволеныя палітыкай прэм’ера, падчас кіравання якога Іспанія выйшла на першае месца ў Еўропе па ўзроўні беспрацоўя.
Сам сайт краіны-старшыні ЕС не быў атакаваны. Як сцвярджае адміністрацыя вэб-старонкі, атака сталася магчымай шляхам міжсайтавага скрыптынгу. Усмешлівы твар містэра Біна з надпісам «Hi there» («Прывітанне») замест афіцыйнага здымка прэм’ера справакаваў неймаверную колькасць наведванняў на сайт www.eu2010.es, у выніку чаго рэсурс «павіс» і на пакуль што не ўзноўлены.