Ажыў калійны даўгабуд у Любанскім раёне, які будаваў Гуцэрыеў
Як высветліў Office Life, у канцы мінулага года пасля працяглага перапынку аднавіліся працы на ўчастку Старобінскага радовішча калійных соляў. Стаўка пакуль зроблена на беларускія прадпрыемствы. Хаця раней калійны камбінат у Любанскім раёне пачыналі будаваць замежныя падрадчыкі.
11.02.2024 / 12:25
Фота: osnovanie.by
У 2016 годзе кампанія «Слаўкалій», створаная расейскім бізнесменам Міхаілам Гуцэрыевым, пачала ўзвядзенне Нежынскага горна-абагачальнага камбіната (ГАК). У якасці ключавых партнёраў называліся кітайскія ChinaState Energy Engineering і CITIC Construction, нямецкія Deilmann-Haniel і Herrenknecht.
Агульны кошт праекта ацэньвалася ў $2 млрд, з іх 1,4 млрд — крэдыт Банка развіцця Кітая. Па ўмовах кантракту, будучая прадукцыя «Слаўкалія» павінна была на працягу 20 гадоў адгружацца ў КНР.
Аднак у 2021 годзе пасля трапляння Гуцэрыева і калійнай сферы Беларусі пад заходнія санкцыі фінансаванне праекту спынілася.
У 2022 годзе ў Беларусі стварылі дзяржпрадпрыемства «Недра Нежин», якое стала правапераемнікам «Слаўкалія». Прадугледжвалася, што фінансаванне будзе ажыццяўляцца часткова за кошт рэспубліканскага бюджэту, але асноўная частка сродкаў застанецца крэдытнай.
Увесну 2023 года першы віцэ-прэмʼер Мікалай Снапкоў правёў нараду і заявіў, што Нежынскі ГАК павінны ўвесці ў эксплуатацыю да 1 чэрвеня 2025 года. На той момант агульная будаўнічая гатоўнасць абʼекта ацэньвалася ў 39%. Тады ж даручылі аднавіць дзейнасць сіламі беларускіх кампаній, якія займаліся калійнымі камбінатамі ў Беларусі, Расеі ды іншых краінах.
У канцы 2023 года салігорскае прадпрыемства «Пасат» пачало будаўніцтва галоўнага корпуса галургічнай фабрыкі Нежынскага ГАК. Кампанія ўзвядзе цэхі сушкі і грануляцыі.
Акрамя таго, у студзені 2024 года на Нежынскім рудніку на гарызонце −530 м пачаў працу першы праходчы камбайн «Трэста Шахтаспецбуд».
«Белгархімпрам» правёў абследаванні і распрацаваў рашэнні па доступе ў руднік і ліквідацыі аварыйнай сітуацыі ў клецевым шахтавым ствале. Гэта ж кампанія стварыла архітэктурны праект другой чаргі будаўніцтва ГАКа.
Дарэчы, нядаўна ўрад Беларусі выдаў «Белгархімпраму» падатковы крэдыт у памеры сумы ПДВ, якая падлягае пералічэнню ў бюджэт па тэрміне выплаты 22 студзеня 2024 года. Пагашаць абавязацельствы трэба з 1 лютага па 31 снежня 2024 года штомесяц роўнымі долямі.
Фінансавыя цяжкасці ў прадпрыемства ўзніклі пасля ўзвядзення ў Туркменістане калійнага камбіната. «Белгархімпрам» заяўляў, што яму недаплацілі за выкананыя працы $150 млн. «Туркменхімія» не змагла эксплуатаваць камбінат і ўсумнілася ў якасці работ беларусаў. У выніку спрэчка перайшла ў міжнародны арбітраж.
Чытайце таксама:
Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan пазбавіўся ад свайго бізнэсу ў Беларусі
З Беларусі сышла кампанія Novo Nordisk. Што цяпер будзе з пастаўкамі інсуліну?
Чалы: Галоўнае адкрыццё, якое нас чакае, — усё адбудзецца раней, чым мы думаем