Кіраўнік Пентагона зноў шпіталізаваны. Кіраўніцтва Пентагонам перадалі намесніку

Міністр абароны ЗША Лойд Осцін быў у нядзелю дастаўлены ў Нацыянальны ваенна-медыцынскі цэнтр для абследавання, бо ягоныя сімптомы паказвалі на неадкладныя праблемы ўралагічнага характару. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Пентагона генерал Патрык Райдэр, піша «Голас Амерыкі».

12.02.2024 / 08:52

Лойд Осцін. Фота: Michael Probst / AP

Паводле паведамлення, кіраўніцтва Пентагона, Белы дом і Кангрэс былі пра гэта апавешчаныя.

Намеснік міністра абароны ЗША Кэтлін Хікс прыняла камандаванне і абавязкі ад міністра абароны Осціна, паведамілі пазней у прэс-службе Пентагона.

22 снежня 70-гадовы Осцін быў змешчаны ў клініку ў Мэрылендзе для лячэння раку прастаты. Ён вярнуўся ў клініку 1 студзеня з-за ўскладненняў і правёў там прыкладна два тыдні. 

Офіс генеральнага інспектара Міністэрства абароны заявіў у мінулым месяцы аб пачатку праверкі абставінаў шпіталізацыі Осціна. Гаворка ідзе пра першае незалежнае і надпартыйнае расследаванне таго, чаму Беламу дому і Кангрэсу на працягу некалькіх дзён не было вядома пра дыягназаваны ў Осціна рак прастаты, пра яго шпіталізацыю і пра аперацыю. Як паведамляецца, прэзідэнт Джо Байдэн да 4 студзеня не ведаў аб шпіталізацыі міністра абароны.

Чытайце таксама:

У Багдадзе ўдарам з дрона забілі лідара групоўкі «Катаіб Хезбала»

Украіна ўжо сёння можа атрымаць ад ЗША высокадакладныя кіраваныя бомбы GLSDB — Politico

ЗША і Брытанія нанеслі новыя ўдары па Емене

Nashaniva.com