«У нас адкрыўся партал у пекла». Тур наракае на няправільны народзец, які «злоўжывае» зваротамі да Лукашэнкі
Прапагандыст Ігар Тур звярнуў увагу на публічныя звароты простых людзей да Лукашэнкі. У часы могілкавай цішыні ў краіне гэтыя звароты паказваюць, што не ўсё ў ёй у парадку і дзяржава не такая сацыяльна арыентаваная, як пра яе гавораць прапагандысты. Тур даводзіць, што трэба паказаць усім, у чым не мелі рацыі тыя, хто з публічнымі зваротамі да Лукашэнкі звяртаецца.
13.02.2024 / 12:50
За апошні тыдзень у сацсетках гучна выбухнулі два звароты да Лукашэнкі — пенсіянерка, якая прайшла ўсе інстанцыі, уключна Качанавай, папрасіла дапамагчы ёй з вадою, якая раптам стала непрыдатная да ўжывання. І працаўнікі мінскага рыбакансервавага прадпрыемства, якім паўгода не плацілі заробкі, папрасілі неяк паўплываць на сітуацыю.
«У нас адкрыўся партал у пекла з бясконцымі публічнымі зваротамі да прэзідэнта», — напісаў Тур.
Ён даводзіць думку, што не ўлада вінаватая ў праблемах людзей, а менавіта яны самі.
«Мне складана зразумець, вось чэснае слова, чаму людзі, працуючы на прыватным прадпрыемстве, не атрымаўшы заробак за месяц, не перастаюць хадзіць на працу і не звяртаюцца ў суд, а паўгода працягваюць працаваць без заробку, пра што потым запісваюць зварот з «дапамажыце, сітуацыя крытычная».
Крытычная, не спрачаюся — але яна такой стала не толькі па віне наймальніка, мне здаецца», — піша ён.
Бабулю, якая не можа зразумець, з чаго раптам вада сярод лесу стала ў калодзежы смярдзючай, яму таксама «чыста па-людску» шкада. «Але як бы вырашаць пытанні з водазабеспячэннем на прыватным участку павінны ўласнікі, а не чыноўнікі. Чыноўнікі могуць увайсці ў становішча і дапамагчы, але гэта будзе парушэннем закона, за што з іх тэарэтычна могуць спытаць кантралюючыя органы», — расказвае Тур.
«Такія звароты хутчэй ёсць жаданнем прымусіць мясцовую ўладу выканаць патрабаванні на фоне страху перад прэзідэнтам, а не менавіта спроба дастукацца да Аляксандра Рыгоравіча», — адгадвае няхітрую загадку Тур.
Таму ён «палічыў бы за лепшае, каб пасля вырашэння гэтых двух пытанняў публічна прагучала, у чым не мелі рацыі тыя, хто звяртаўся, чаму сітуацыя, якая вымусіла іх запісаць зварот, склалася збольшага з-за іх саміх. Так было б больш сумленна», — лічыць ён.
Прапагандыст прыводзіць і статыстыку са столі як доказ. «Таму што зварот да прэзідэнта ў 9 выпадках з 10 ёсць спроба вырашэння пытання, для якога асабліва няма (ці няма наогул) законных падстаў». І чыноўнікам несправядліва, паводле яго, «публічна ставіць у віну невыкананне просьбы, калі выкананне наогул не зусім законнае».
Чытайце таксама:
З дырэктарам рыбакансервавага камбіната «Сталічны» запісалі пакаяннае відэа
Мінскія ўлады запэўніваюць, што трымаюць сітуацыю з заробкамі на рыбакамбінаце на кантролі