Актывісты, журналісты, палітыкі, добраахвотнікі. Каго з беларусаў абвясцілі ў вышук у Расіі
У расійскай базе вышуку журналісты «Медыязоны» знайшлі 3 186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі.
13.02.2024 / 14:27
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка знаходзіцца ў вышуку ў Расіі
У МУС Расіі ёсць публічны сэрвіс, з дапамогай якога можна праверыць, ці знаходзіцца чалавек у вышуку. Расійская «Медыязона» сабрала ўсе карткі вышуку, даступныя на сайце — па стане на пачатак лютага па крымінальных справах адшукваліся 96752 чалавек, яшчэ 41535 — як зніклыя без вестак.
Іх беларускія калегі знайшлі ў гэтай базе 3 186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі. Большасць з іх — мужчыны (89%).
У табліцы часцей не пазначана, па якім артыкуле шукаюць чалавека. Замест гэтага — надпіс «расшукваецца па артыкуле КК» і кантактны нумар аддзялення паліцыі. Часам у апісанні паказаны адмысловыя прыкметы і фатаграфіі людзей, якія адшукваюцца.
Палітыкі і актывісты
У спіс трапілі прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык і Вольга Гарбунова. Экс-амбасадар у Аргентыне і член НАУ Уладзімір Астапенка, дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і Франак Вячорка.
Саму Ціханоўскую ў вышук дадавалі, але пазней яе прозвішча знікла. «Хто яе будзе шукаць у Расіі, калі ўсім вядома, што яна знаходзіцца на тэрыторыі Еўрасаюза», — тлумачыў суразмоўца Sputnik.
Журналісты знайшлі ў пераліку супрацоўнікаў BELPOL Уладзіміра Жыгара і Мацвея Купрэйчыка, супрацоўніка BYPOL Станіслава Лупаносава, старшыню фонду «Беларускі дом у Варшаве» Аляксандра Зарамбюка.
У спісе ёсць і стваральнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, экс-дыпламат Павел Мацукевіч, заснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак, прэс-сакратар «Кіберпартызан» Юльяна Шаметавец, оперная спявачка і блогерка Маргарыта Ляўчук.
Таксама ў вышуку знаходзяцца асуджаныя завочна рэдактар Nexta Сцяпан Пуціла і былы супрацоўнік праекта Ян Рудзік, блогер і былы баец палка Каліноўскага Сяргей Бяспалаў.
Журналісты
У расійскім вышуку знаходзяцца як мінімум два галоўныя рэдактары: Павел Свярдлоў з «Еўрарадыё» і Святлана Гарда з «Медыя-Палесся».
А яшчэ дырэктар Malanka.Media Павел Марыніч і вядучая Кацярына Ерусалімская. Журналісты Яўген Валошын, Ганна Любакова, Алена Шабуня, рэдактар orsha.eu Ігар Казмерчак, палітолаг Кацярына Шмаціна.
Палітвязні
У вышуку РФ ёсць асуджаныя беларусы, якім удалося зʼехаць з краіны: цалкам адбыўшы тэрмін ці да прысуду (ці нават збегчы з хіміі).
Сярод іх аршанец Сяргей Парфяненка, які напісаў у адрас супрацоўніка ДАІ слова «мразь», музыкі Ігар Банцар і Аляксандр Багданаў (Папа Бо), былы кіраўнік банка ў Баранавічах Зміцер Максімчык, актывіст з Дуброўна Міхаіл Чамурака, валанцёрка фонду «Краіна для жыцця» Таццяна Астроўская, удзельнікі пратэстаў Уладзіслаў Усцін і Зміцер Кулакоў.
Добраахвотнікі
У пераліку журналісты знайшлі 61 беларуса, якія звязаны з добраахвотніцкімі падраздзяленнямі ва Украіне. Сярод іх тыя, якія трапілі ў палон у чэрвені 2022 года — Сяргей Дзёгцеў і Ян Дзюрбейка, і якія загінулі — Павел Горбач і Эдуард Лобаў.
Тут можаце праверыць, ці ўключаны вы ці вашы блізкія ў вышуковую базу РФ. Але памятайце, што нават калі вас там няма, гэта не значыць, што супраць вас няма крымінальнай справы ў Беларусі.
Чытайце таксама: