Варшава выбачылася перад Украінай за высыпанае збожжа на мяжы
Фермеры пачалі чарговыя акцыі пратэсту на польска-ўкраінскай мяжы на мінулым тыдні.
13.02.2024 / 14:50
Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы выбачыўся за інцыдэнт на ўкраінскай мяжы, падчас якога польскія фермеры высыпалі збожжа з украінскіх грузавікоў на дарогу, што ўзмацніла напружанасць у адносінах паміж саюзнікамі, піша Бі-бі-сі.
Фермеры пачалі чарговыя акцыі пратэсту на польска-ўкраінскай мяжы на мінулым тыдні.
Яны заблакавалі тры кантрольна-прапускныя пункты, выказваючы незадаволенасць несправядлівай, на іх думку, канкурэнцыяй з боку ўкраінскага імпарту збожжа ў ЕС.
У нядзелю яны выявілі ўкраінскія грузавікі, якія перасякаюць мяжу з Польшчай, і рассыпалі на дарогу тоны збожжа.
У сваёй заяве міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Чэслаў Сікерскі асудзіў інцыдэнт, але падкрэсліў цяжкае становішча фермераў.
«Ад імя польскіх фермераў я прыношу прабачэнні за такі акт роспачы і прашу зразумець іх вельмі цяжкае становішча», — сказаў Сікерскі.
Інцыдэнт выклікаў рэзкую крытыку з боку Кіева, які заклікаў Польшчу пакараць вінаватых.
У панядзелак Польшча пачала расследаванне ў сувязі з заявамі фермераў аб парушэнні правілаў мытнай бяспекі і знішчэнні маёмасці — правапарушэнні, за якія прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі.
«Гэта не зусім дакладная форма пратэсту, але яна часта выкарыстоўваецца фермерамі ў розных краінах», — адзначыў Чэслаў Сікерскі.
У аўторак украінскія памежнікі заявілі, што апошняя хваля пратэстаў парушыла грузавы рух на пяці памежных пераходах.
Па стане на сённяшнюю раніцу ў чэргах на ўсіх гэтых пунктах пропуску стаяць каля 1250 грузавікоў.