«Даярка з Хацапетаўкі» абагнала Эйсманта. Што найбольш глядзелі на ТБ у студзені? 

Паказальны рэйтынг: у топ-20 толькі тры беларускія праграмы.

13.02.2024 / 19:00

Кампанія «Медыяметр» апублікавала справаздачу пра тэлеглядзенне за студзень (гэта статыстыка збіраецца з дапамогай прыбораў, якія ставяцца ў невялікага працэнта насельніцтва (650 сем'яў), і пасля экстрапалюецца на краіну).

Калі верыць ёй, то штодзень тэлевізар уключае 61% насельніцтва. Тэлеканалы АНТ, «Беларусь 1», «Расія-Беларусь», «НТБ-Беларусь» штодня ўключае чвэрць насельніцтва.

Сярод аўдыторыі 60,5% — жанчыны. Калі глядзець узрост, то 31,1% тэлегледачоў — 35-54 гады, 19,9% — 54-65 гадоў, 29,8% — старэйшыя за 65.

Самымі папулярнымі перадачамі студзеня сталі расійскія «Песні ад усёй душы», «60 год на сцэне. Юбілейная праграма Яўгена Петрасяна» і «Прывет, Андрэй!» (забаўляльнае вечаровае шоу, куды прыходзяць расійскія зоркі).

Справаздача ад «Медыяметр» за студзень 2024 года.

З беларускіх праграм у топ-15 увайшлі толькі тры — «Плюс-мінус. Надвор'е на тыдзень» (на канале «Расія-Беларусь»), «Фактар.бай» («Беларусь 1») і «Навіны» (АНТ).

Апошнія дзве абагнаў нават расійскі серыял «Даярка з Хацапетаўкі».

Паказальна, што расійскія навіны глядзяць ахвотней за беларускія. А аўтарскія перадачы Азаронка, Тура і іншых прапагандыстаў нават не трапілі ў топ.

Калі глядзець самыя папулярныя праграмы на асобных каналах, то беларускіх яшчэ меней — толькі на «Беларусь 1» лідзіруе «Фактар.бай» (музычнае рэаліці-шоу тыпу «Х-Фактара»). На астатніх у топе або расійскія серыялы, або расійскія навіны.

Справаздача ад «Медыяметр» за студзень 2024 года

Чытайце таксама:

«Хачу пачуць ад яе тры галоўныя словы». Як прапаганда спрабуе рэкламаваць выбары — крынджовыя ВІДЭА

«У нас адкрыўся партал у пекла». Тур наракае на няправільны народзец, які «злоўжывае» зваротамі да Лукашэнкі

Анжаліка Агурбаш прыйшла ў расійскае тэлешоу «Экстрасэнсы» 

Nashaniva.com