Затрыманых некалькі соцень, некаторым пасля допытаў не вяртаюць пашпарты. Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі
Па нашых звестках, аблава закранула нашмат болей людзей, чым меркавалася раней. Пад хапун патрапілі нават тыя, хто проста пісаў лісты палітвязням.
14.02.2024 / 07:00
Калаж «Нашай Нівы»
Затрыманням папярэднічалі спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў сваякоў палітвязняў і тых, хто дапамагаў палітвязням. Адбывалася гэта за тры дні да таго, як стала вядома пра хапун.
Па інфармацыі ад нашых крыніцаў, затрыманні пачаліся яшчэ да 23 студзеня. Затрыманыя 23 студзеня распавядаюць, што на гэты дзень следчыя былі ўжо стомленыя і між сабой казалі, што «не спалі чатыры дні».
Таксама гучала і лічба затрыманых, якіх трэба «адпрацаваць» — 700 чалавек. Незразумела, праўда, гаворка ішла пра ўсю Беларусь або пра нейкі рэгіён.
Інфармацыя пра велізарную колькасць затрыманых пацвярджаецца і ўскосна: прадстаўніца фонда «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская казала, што, па іх звестках, па справе працуюць 174 следчыя.
Вядома таксама, што большасць людзей адпускалі пасля адносна непрацяглых допытаў. Найперш кэдэбістаў цікавіла тое, праз якія крыніцы палітвязні і іх сем'і атрымліваюць дапамогу, а таксама хто сістэмна дапамагае вязням унутры Беларусі.
Прынамсі аднаго з затрыманых абвінавацілі ў тым, што ён атрымліваў грошы на картку і пасля перадаваў іх сем'ям палітвязняў, а таксама слаў ім пасылкі. Адметна, што гэта былі грошы не з фондаў, а ад сяброў і знаёмых, але гэта ні на што не паўплывала. Наколькі вядома, цяпер гэты чалавек у СІЗА.
Большая частка затрыманых падчас аблавы — гэта непублічныя пажылыя жанчыны. Яны не сваякі палітвязняў і не актывісты, проста дапамагалі тым ці іншым чынам палітвязням. Напрыклад, у СІЗА змясцілі 61-гадовую гамяльчанку Алену Тоцкую, якая некалі была судовай валанцёркай і хадзіла на палітычныя суды ў Гомелі.
Адзін з суразмоўцаў расказаў, што з ім у КДБ была бабуля, якая некаму пералічыла пару разоў па пяць рублёў. Тое самае казалі і праваабаронцы:
самай пажылой з вядомых затрыманых 82 гады.
Некаторых затрымлівалі і за напісанне лістоў. Стала вядома, што заказныя лісты ў СІЗА і калоніі адсочваюцца, а адпраўнікі запісваюцца. Тое самае цяпер робяць і з пасылкамі. Прынамсі, так робяць з вядомымі палітвязнямі. Гэтыя спісы СІЗА і калоніі перадалі кэдэбістам.
Яшчэ адной характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпарты. Імаверна, гэта робіцца, каб людзі не маглі выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды медыя.
Нагадваем, пра затрыманні беларусаў стала вядома 23 студзеня, калі КДБ пачаў затрымліваць былых палітвязняў ды іх сваякоў. Праваабаронцам вядомыя імёны 229 затрыманых і 24 чалавек, якія сталі падазраванымі або абвінавачанымі па крымінальных справах.
Чытайце таксама: