Эстонія папярэдзіла Расію пра магчымае закрыццё мяжы
Цягам апошніх тыдняў Расія свядома накіроўвала на мяжу Эстоніі групы замежнікаў, у якіх няма законнага права на ўезд у ЕС, гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы.
14.02.2024 / 08:59
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен аглядаюць эстонска-расійскую мяжу ў Нарве. Фота: Sergei Stepanov / AP
«Прыміце пад увагу, што калі Эстонія будзе вымушаная праз міграцыйны ціск часова закрыць свае памежныя пункты, то праз гэты памежны пункт вы не зможаце вярнуцца ў Эстонію.
Калі такая дзейнасць працягнецца, мы будзем вымушаныя ў мэтах бяспекі дзяржавы і аховы грамадскага парадку закрыць памежныя пункты, як гэта праз міграцыйны ціск ужо зрабіла Фінляндыя», — зазначылі ў Памежнай службе.
Там звяртаюць увагу на тое, што ў выпадку закрыцця памежнага пункта ён будзе закрыты для ўсіх, хто перасякае мяжу.
«Каб вярнуцца ў Эстонію, вы будзеце павінны скарыстацца іншым памежным пунктам; у сувязі з гэтым ваш маршрут можа даўжэць на некалькі соцень кіламетраў», — дадалі ў ведамстве.
На мінулым тыдні Фінляндыя вырашыла не адкрываць мяжу да 14 красавіка.
Чытайце таксама:
Эстонія ўсур'ёз і прадумана рыхтуецца абараняцца ад Расіі
Мітрапаліту РПЦ з Эстоніі адмовілі ў працягу ДНЖ, ён вяртаецца ў Расію
Эстонія пабудуе на ўсходняй мяжы лінію абароны з 600 бункераў, тое ж будуць рабіць Латвія і Літва