Рыбакі на выходных цэлым натоўпам акупавалі невялікую рачулку пад Гроднам. Лавілася добра, але шмат і насвінячылі

Днямі многія беларускія СМІ і сацсеткі абляцела відэа, на якім цэлыя натоўпы рыбакоў сабраліся на невялікай рэчцы непадалёк ад Гродна і вудзяць там рыбу, седзячы ледзь не адзін у аднаго на галаве. Цяпер выявілася, што такая народная папулярнасць гэтага месца мае яшчэ адзін непрыглядны бок. 

14.02.2024 / 17:49

Дзясяткі рыбакоў сабраліся побач з аграгарадком Свіслач на невялікай затоцы аднайменнай ракі, паведамляла выданне Newgrodno. Увесь лёд там быў у лунках-дзірках.

Такое рыбалоўства выклікала шырокае абмеркаванне ў інтэрнэце, і не ўсе каментатары ацэньвалі яго станоўча. Хтосьці асуджаў рыбакоў за тое, што яны не думаюць пра бяспеку, хтосьці называў іх «галоднымі».

Самі ж рыбакі называлі сітуацыю цалкам звычайнай. Маўляў, бліжэй да вясны рыба пачынае актыўна перамяшчацца па акваторыі рэк і часта заходзіць у такія затокі, якія злучаюцца з ракой. Акрамя таго, лёд на такіх затоках, як правіла, мае дастатковы запас трываласці, што робіць падобную рыбалку бяспечнай у параўнанні з рыбалкай на самой рацэ.

Але пасля сыходу рыбакоў выявіўся і яшчэ адзін бок праблемы. Адзін з карыстальнікаў тыктока наведаўся туды ў будны дзень і заўважыў, што рыбакоў на лёдзе цяпер амаль няма, а вось смецця пасля іх — горы. Валяюцца на лёдзе і бутэлькі, і анучы, і недакуркі, і нават мёртвая рыба. Пасля раставання лёду ўсё гэта смецце апынецца на дне вадаёма, што, вядома, не лепшым чынам адаб'ецца на экалогіі.

Мужчына ходзіць па лёдзе з пакетам, збірае смецце і здымае ўсё, што адбываецца, на відэа. 

Чытайце таксама:

У беларускіх вадаёмах стала масава дохнуць папулярная рыба. У чым прычына?

З дырэктарам рыбакансервавага камбіната «Сталічны» запісалі пакаяннае відэа

П'яны рыбак паспрачаўся, што дойдзе да Мінска пешшу 50 км. І прайграў

Nashaniva.com