Былая фатографка БелТА, якая пераехала ў Варшаву: Вы змагаецеся не з тым злом
Былая фатографка БелТА Аксана Манчук, якая здымала пратэсты, у канцы 2022 года звольнілася з дзяржаўнага агенцтва і пераехала ў Варшаву. Яна апублікавала пост у фэйсбуку, дзе расказала пра сваю сітуацыю.
15.02.2024 / 20:14
Фота: mediacongress.ru
«Хачу выказаць вялікую падзяку ўсім, хто падтрымаў мяне, — піша дзяўчына ў фэйсбуку. — Супрацьстаяць хвалі хэйту і трымацца даволі цяжка. Але ж калі ёсць падтрымка ад былых калег па цэху і сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, то можна яшчэ трымацца і не губляць веру ў чалавецтва.
Так, да снежня 2022 года я працавала ў фотахроніцы БелТА. І я таксама пацвярджаю той факт, што ў мяне былі даўгавыя абавязкі за скрадзеную ў мяне тэхніку ў 2019 годзе. Мне патрэбна было выконваць пастанову суда: я не мела права звольніцца да выплаты ўсёй сумы да 2024 года. Але ў снежні 2022 года я назбірала неабходную суму, выплаціла ўсё і звольнілася.
Я бяру на сябе адказнасць за працу на дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва і не хачу апраўдваць гэты факт, але з-за неінфармаванасці шмат людзей накінуліся на мяне, як на лёгкую нажыву.
Пратэсты ў 2020 годзе я здымала як фіксатар падзей, як і многія мае калегі. Тады не было зразумела, як усё складзецца пазней, і публікаваліся факты. Судоў над палітвязнямі я не здымала, акрамя першага паседжання суда над Віктарам Бабарыкам.
Калі пачаўся міграцыйны крызіс, я здымала тое, што адбывалася і было даступна для мяне непасрэдна на памежным пункце з беларускага боку. Працавала там двойчы. Гэта была фотахроніка падзей, бо інакш гэтыя здымкі не публікавалі б пазней еўрапейскія агенцыі. Іншая справа, як гэта часам выкарыстоўвалася (за гэта таксама не пазбягаю адказнасці), але ж у гісторыі застанецца неблагі архіў.
Я здымала большасць культурных, спартыўных і сацыяльных і эканамічных мерапрыемстваў. Фотакор увогуле павінен здымаць усё. Але мяне выставілі толькі з аднаго боку.
Ва ўсіх гэтых выпадках даволі шмат нюансаў і інфармацыі, якую я не магу распаўсюдзіць. Гэта можа моцна нашкодзіць людзям, якія засталіся ў Беларусі.
У канцы 2022 года я пераехала ў Польшчу і распачала ўладкоўваць сябе як спецыяліста ў іншых сферах працы. А таксама вырашыла знайсці сябе ў партрэтнай фатаграфіі.
Пачала знаёміцца з іншымі людзьмі, як і ўсе, калі пераязджаюць на новае месца. А гэта зараз жадаюць перавярнуць і знішчыць, паліваючы мяне брудам, не ведаючы ўсіх абставін. Але ж прасцей за ўсё распачаць хейт і кінуць яшчэ адзін камень у бок іншага, распальваючы між людзьмі варожасць.
Вы змагаецеся не з тым злом».
Чытайце таксама:
Былая фатографка БелТА, якая здымала пратэсты і суд над палітвязнямі, цяпер жыве ў Варшаве