«Ахвяраваў сабой дзеля грамадства, якое такую ахвяру не заслугоўвала». Беларусы рэагуюць на смерць Аляксея Навальнага
Галоўная навіна дня, смерць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, не пакінула беларусаў абыякавымі. Вось што сёння пішуць у сацсетках.
16.02.2024 / 17:41
Аляксей Навальны ў судзе, 2021 год. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko
Многія адзначаюць, што ў нашай краіне шмат сваіх палітвязняў, якім таксама патрэбная ўвага:
«БОЛЬШ ЗА ГОД НІЧОГА НЕ ЧУВАЦЬ АД ПАЛІТВЯЗНЯЎ МАКСІМА ЗНАКА, МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА, СЯРГЕЯ ЦІХАНОЎСКАГА, МАРЫІ КАЛЕСНІКАВАЙ І ВІКТАРА БАБАРЫКА».
«Гэта п****ец, але дзе Калеснікава, Бабарыка, Статкевіч, Знак, Лосік, Дашкевіч і іншыя????».
«Любы палітвязень у Беларусі знаходзіцца ў такой самай сітуацыі, калі тваё жыццё не залежыць ад цябе і можа спыніцца ў любую хвіліну».
«У Беларусі колькасць палітзняволеных набліжаецца да 1500 чалавек. Вы можаце знайсці спосаб падтрымаць іх і іх сем’і. Вы можаце згадаць тых беларусаў, хто загінуў ад рук рэжыму. Бо ў нас ёсць сваё пекла. За Навальнага ёсць каму плакаць. Ён нам чужы».
«АЛЕСЬ ПУШКІН!!!!!»
Пра закладнікаў беларускага рэжыму піша і кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак:
«Тыя, хто ставіць свае жыццё на кон у палітычнай гульні, могуць яго і прайграць. З сумам думаю пра Бабарыку, Калеснікаву і іншых нашых закладнікаў».
Павел Латушка адзначае, што першапрычына смерці Навальнага, як і іншых загінулых палітвязняў — расійскі рэжым, які распачаў вайну і знішчае палітычных апанентаў. На сённяшнюю навіну свет мусіць адказаць, кажа Латушка: «У выпадку, калі свет не дасць жорсткага і прынцыповага адказу на смерць Аляксея Навальнага, гэта развяжа рукі як Пуціну, так і Лукашэнку для павольнага забойства палітычных апанентаў у турмах.
Што можа зрабіць дэмакратычны свет? Прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дыктатараў і ўвесці руйнуючыя санкцыі ў дачыненні да рэжымаў у Беларусі і Расіі».
Вікторыя Пальчыс, жонка палітвязня Эдуарда Пальчыса, таксама пракаментавала навіну. «Цуда не здарылася: карупцыю не перамаглі, грамадства не прачнулася, справядлівасць не была адноўленая, улада засталася ў руках у тырана, а галоўнага антаганіста проста забілі ў турме», — піша яна.
Блогер і былы палітвязень Аляксандр Івулін размясціў пасля смерці Навальнага эмацыйны пост у інстаграме. Там не згадваецца расійскі палітык, але выглядае, што пост выкліканы якраз навіной пра яго смерць. Івулін піша:
«На суботу рыхтаваў пост пра тое, як пражыў гэтыя 365 дзён на волі. Яго не будзе. Замест гэтага словы падтрымкі Віктару Бабарыку і Мікалаю Статкевічу, Сцяпану Латыпаву і Сяргею Ціханоўскаму, Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку… Халера бяры, усім паўтара тысячам беларускіх палітычных вязняў, якія цяпер знаходзяцца там.
Усім, каго катуюць у ШІЗА за прыдуманую няголенасць. Усім, хто не здраджвае сабе, знаходзячыся ў ПКТ. Усім, хто мусіць жыць».
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман пракаментаваў смерць палітыка ў сваім тэлеграм-канале:
«Аляксей Навальны — трагічны герой, які ахвяраваў сабой дзеля грамадства, што такую ахвяру не заслугоўвала і што такую ахвяру не ацэніць».
Медыяменеджар Дзмітрый Навоша апублікаваў пасля смерці Навальнага вельмі эмацыйны твіт: «Подлыя помслівыя нкусныя вырадкі. Нуль бар'ераў і маральных абмежаванняў. Працягнуць мучыць і забіваць да таго часу, пакуль не будуць спыненыя. (А некаторыя ў РФ чамусьці шэймяць тых суайчыннікаў, хто данаціць на УСУ, эх)».
На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, можна не згаджацца з поглядамі Навальнага, але ж яго ўчынкі кажуць за сябе:
«Што ж, як да Навальнага ні ставіцца, але ў гісторыі ён назаўсёды застанецца чалавекам, які за свае погляды рэальна і ўсвядомлена ахвяраваў жыццём. Не кожны на гэта здольны, і не кожнаму гэта дадзена».
Журналіст Дзмітрый Гурневіч разважае пра Навальнага ў беларускім кантэксце:
«Да Навальнага заўсёды былі пытанні. Ранні Навальны нярэдка вельмі расчароўваў. Але катэгарычнасці да яго не было, бо я добра засвоіў «запавет» нябожчыка Шарамета ў пачатку 2010-х, які сказаў: «У Расеі ніколі не будзе палітыка, які зразумее беларусаў». Разам з тым, немагчыма адмаўляць, што Навальны развіваўся і рос, разумеў многія ранейшыя памылкі.
І самае галоўнае — ён быў галоўным апанентам Пуціна, таго, які вырашае сёння лёс Беларусі. Навальны ж спрабаваў тлумачыць расейцам, што імі кіруюць бандыты, заклікаў пратэставаць і не пагаджацца. І важна менавіта гэта. Ніхто ў Расеі не рабіў гэтага лепш за Навальнага, ніхто так эфектыўна не змагаўся з бандыцкім рэжымам Пуціна. І гэты рэжым сёння сам усё пацвердзіў».
Яшчэ адна папулярная думка — смерць Навальнага яшчэ больш павышае ўзровень небяспекі для беларускіх палітвязняў, бо цяпер сістэма быццам не мусіць рабіць выгляд, што ўмовы іх утрымання законныя.
Блогер Джыпсінкоў размясціў карцінку, якая паказвае немач грамадства перад катаваннямі беларускіх і расійскіх палітвязняў:
Арганізатарка жаночых маршаў Настасся Касцюгова крытыкуе тых, хто лічыць, што Навальны проста не мусіў вяртацца ў Расію пасля атручвання, бо яго відавочна збіраліся затрымаць: «Чалавека забілі ў турме. Гэта ніяк не рацыяналізуеш, як бы вам ні хацелася. Майце ўжо смеласць хоць раз у жыцці паглядзець у вочы гэтаму жаху».
Пісьменнік Саша Філіпенка адрэагаваў на цынічнасць паведамленняў расійскіх уладаў пра трагедыю. Прозвішча Пуціна ён наўмысна піша з маленькай літары:
«пуціну далажылі пра смерць Літвіненкі, пуціну далажылі пра смерць Нямцова, пуціну далажылі пра смерць Паліткоўскай, пуціну далажылі пра смерць Маркелава і Бабуравай, пуціну паведамілі пра смерць Хлебнікава, пуціну паведамілі пра смерць Шчакачыхіна, пуціну паведамілі пра смерць Эстэміравай, пуціну паведамілі пра смерць Магніцкага, пуціну паведамілі пра смерць Навальнага.
У дадзены момант рыхтуецца чарговы даклад».
А сузаснавальнік фонду «Байхэлп» Аляксей Лявончык адзначыў у фэйсбуку, што катаванні датычна беларускіх і расійскіх палітвязняў не спыняць барацьбу з рэжымамі: «Навальнага забілі. У Беларусі ў турмах год інкамунікада сядзяць Калесьнікава, Статкевіч і шмат хто іншы. Мы працягнем сваю працу. Кожнай цаной. Пакуль яно не здохне».
Чытайце таксама:
У калоніі раптоўна памёр Аляксей Навальны
Як цяпер выглядаюць галоўныя старонкі сусветных медыя
Навальны ідэнтыфікаваў групу работнікаў ФСБ, якія атруцілі яго «Навічком» — расследаванне