Доктар, які працаваў з Навальным пасля атручвання, не верыць у версію пра тромб

Адвакат Леанід Салаўёў распавёў, што апошні раз наведваў Навальнага ў сераду, і з ім усё было нармальна. Пра стан здароўя палітыка «Медуза» паразмаўляла з рэаніматолагам Аляксандрам Палупанам — ён уваходзіў у кансіліум, які працаваў з Навальным у Омску пасля атручвання, а затым рэгулярна кансультаваў паплечнікаў апазіцыянера.

16.02.2024 / 16:29

Аляксей Навальны 4 жніўня 2023 года. Фота: Alexander Zemlianichenko / AP

У мяне няма эксклюзіўнай інфармацыі па здароўі [Навальнага] — не тое, што ў мяне, яе і ў каманды няма. Я размаўляў са сваякамі Аляксея толькі ў тыя моманты, калі ў яго былі відавочныя пагаршэнні па здароўі — і па той інфармацыі, якая ў мяне ёсць, нейкіх прынцыповых і крытычных пагаршэнняў у гэтай галіне не было.

Зразумела, што [у цэлым] здароўе ў яго было дрэннае — як і ў любога чалавека, які будзе змешчаны ў такія ўмовы. Але мне чамусьці здаецца, што гэта малаімаверная прычына натуральнай смерці.

Па-першае, яны [прапагандысты] адразу сталі пісаць пра тромб, які адарваўся — а пра гэта немагчыма сказаць без ускрыцця. Яны маглі б сказаць «раптоўнае спыненне сэрца», але тромбаэмбалію [закаркаванне артэрыі тромбам — заўв. «Медузы»] можа паказаць толькі ўскрыццё. Ніякіх іншых метадаў няма.

У Аляксея не было ніякіх аб'ектыўных рызык тромбаэмбаліі — захворванняў вен ніжніх канечнасцяў, тромбафіліі, трамбозу і гэтак далей. Часцей за ўсё тромбы трапляюць у лёгачныя артэрыі з вен ніжніх канечнасцяў і малога тазу.

Адпаведна, фактары рызыкі — гэта праблемы з нагамі, напрыклад, працяглая імабілізацыя пасля пераломаў, альбо анкалагічныя працэсы ў органах малога тазу. Нічога гэтага ў Аляксея не было. Фактарам рызыкі можа быць і мігацельная арытмія, але гэтага не было таксама.

Нейкі час таму ў яго былі праблемы са спіной, але яны абсалютна не пагражаюць жыццю, толькі выклікаюць дыскамфорт. Яшчэ калісьці, даўным-даўно, была пнеўманія, але апошнім часам, паўтаруся, вострых рэчаў не было. Была нейрапатыя пасля атручвання «Навічком», але яна тыповая пры такім атручванні.

Ці можна замаскіраваць забойства пад тромбаэмбалію? Калі правесці сумленнае ўскрыццё, то тромб павінна быць відаць. Не можа быць дыягназу «тромбаэмбаліі» без знойдзенага тромбу, які адарваўся. Але яны могуць зрабіць усё што заўгодна — сфальсіфікаваць пратакол ускрыцця. І ніхто нічога не зможа праверыць.

Чытайце таксама:

У калоніі раптоўна памёр Аляксей Навальны

«Пуцін трымаўся, калі яму расказалі пра смерць Навальнага» — «Коммерсант»

Хрыста Грозеў пра смерць Навальнага: «Ён урэшце быў забіты Пуціным сёння»

Як цяпер выглядаюць галоўныя старонкі сусветных медыя

«Відавочна, ён забіты Пуціным» — Зяленскі адрэагаваў на смерць Навальнага

Медыкі больш за паўгадзіны спрабавалі рэанімаваць Навальнага

Nashaniva.com