«Гадзіннік цікае». Байдэн усклаў адказнасць за смерць Навальнага на Пуціна і нагадаў пра Украіну
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адкрытым тэкстам заявіў, што лічыць адказным за смерць расійскага палітыка Аляксея Навальнага прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта ён сказаў падчас спецыяльнага звароту ў сувязі са смерцю расійскага апазіцыянера.
16.02.2024 / 21:33
«Не памыляйцеся. Пуцін нясе адказнасць за смерць Навальнага. Пуцін нясе адказнасць. Тое, што адбылося з Навальным, з'яўляецца яшчэ адным доказам жорсткасці Пуціна. Ніхто не павінен падманвацца, ні ў Расіі, ні дзе-небудзь у свеце. Пуцін скіраваны не толькі на грамадзян іншых краін, як мы бачылі з таго, што цяпер адбываецца ва Украіне, ён таксама здзяйсняе жудасныя злачынствы супраць свайго ўласнага народа», — заявіў Байдэн.
Прэзідэнт ЗША заявіў, што быў адначасова «не здзіўлены і абураны» навіной пра смерць Навальнага. Ён адзначыў, што Навальны мужна супрацьстаяў гвалту з боку расійскіх уладаў, за што быў адпраўлены ў турму і атручаны, але нават гэта яго не спыніла.
«Ён быў такім, якім не быў Пуцін. Ён быў адважным. Ён быў прынцыповым. Ён лічыў, што можна пабудаваць Расію, дзе існавала б вяршэнства закона. […] Ён верыў у гэту Расію, і што гэта была справа, за якую варта было змагацца і, відавочна, нават памерці», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
У сваёй прамове Байдэн нагадаў, што ЗША пакуль так і не далі абяцаную дапамогу Украіне, якая «абараняецца ад нападу Пуціна».
«Адмова падтрымаць Украіну ў гэты крытычны момант ніколі не будзе забытая. […] Гадзіннік цікае. І гэта павінна адбыцца. Мы павінны дапамагчы цяпер», — сказаў на заканчэнне амерыканскі прэзідэнт.
Чытайце таксама:
У многіх краінах свету сёння адбудуцца акцыі ў памяць пра Аляксея Навальнага
Што казаў Навальны пра пратэсты, беларускую мову, Ціханоўскую і Лукашэнку