Польшча будзе мадэрнізаваць агароджу на мяжы з Беларуссю
Польшча прыняла рашэнне мадэрнізаваць агароджу, усталяваную на мяжы з Беларуссю, заявіў прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск 16 лютага.
17.02.2024 / 20:09
«Некалькі дзясяткаў гадзін таму разам з міністрам унутраных спраў і адміністрацыі мы прынялі рашэнне хутка мадэрнізаваць агароджу на мяжы з Беларуссю», — сказаў польскі прэм'ер.
Паводле яго слоў, ужо прадугледжана выдзяленне адпаведных сродкаў з польскгаа бюджэту.
Туск таксама паведаміў, што краіна будзе настойваць на выдзяленні з фондаў Еўрасаюза сродкаў для фінансавання польскіх рэгіёнаў, якія пацярпелі ад закрыцця межаў па прычыне барацьбы з нелегальнай міграцыяй.
Агароджы на мяжы з Беларуссю памежныя з ёй краіны Еўрасаюза пачалі будаваць падчас міграцыйнага крызісу восенню 2021 года. Даўжыня польскага плота складае 186 кіламетраў, вышыня — пяць метраў. Кошт праекта склаў каля 400 мільёнаў даляраў. Агароджа абсталяваная камерамі начнога бачання, датчыкамі руху і іншымі электроннымі сродкамі сачэння і сігналізацыі.
Тым не менш, практыка паказала, што ў агароджы ёсць слабыя месцы, і нелегальныя мігранты, часта пры дапамозе беларускіх памежнікаў, могуць, пашкодзіўшы яе, перабрацца на тэрыторыю Польшчы. Мадэрнізацыя агароджы будзе скіраваная на ліквідацыю гэтых недахопаў.
Чытайце таксама:
Латвія пабудуе на мяжы з Расіяй і Беларуссю паўнавартасную лінію абароны